Мінчук Сяргей Пальчэўскі паклаўся пад колы грузавіка і прыкаваў сябе кайданкамі да бампера, каб спыніць будаўнічыя работы ў Зялёным Лузе каля Курапат.
«Буду ляжаць, пакуль не здохну», — сказаў 30-гадовы Пальчэўскі. Ён кажа, што пайшоў на крайні крок, бо не бачыць іншых шляхоў спыніць будаўніцтва на пляцоўцы, якая раней уваходзіла ў ахоўную зону мемарыяла.
Сяргей Пальчэўскі — мінчук, скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, а цяпер зарабляе цяслярствам. Раней ён працаваў майстрам на заводзе «Атлант».
У 2012 годзе ён прыйшоў у Аб'яднаную грамадзянскую партыю, а крыху больш за год таму пазнаёміўся са Змітром Дашкевічам і стаў актывістам «Маладога фронту».
Калі прыехалі МНСнікі, то ён сам адшпіліў кайданкі, каб не рэзалі. Міліцыя спрабавала затрымаць хлопца, але людзі грамадой адбілі.
Вось відэа «Нашай Нівы»:
Для Пальчэўскага Курапаты не пусты гук. У 1937-м быў рэпрэсаваны яго прадзед — Волюсь Каралецкі. «Ён быў з Уздзенскага раёна. Вядома толькі, што яго трымалі ў турме пад Оршай, а дзе пахаваны — ніхто не ведае. Гэта быў бацька маёй бабулі па мячы. Пасля смерці Сталіна яго рэабілітавалі».
«Спачатку было холадна, але потым мяне абклалі коўдрамі, грэлкамі», — расказаў «Нашай Ніве» Пальчэўскі, які праляжаў на зямлі каля трох гадзін.
Вось навіны з месца падзей ад карэспандэнтаў «Нашай Нівы» ў рэжыме анлайн:
Пальчэўскі ў дажджавіку лёг на гумовым дыванку на сырую гліну.
* * *
Нагадаем, што пачатак будоўлі каля МКАД у Зялёным Лузе выклікаў абурэнне мясцовых жыхароў, а таксама людзей, чые продкі былі расстраляныя ў Курапатах у 1929—1941 гадах.
Як высвятлілася, забудова лапіка між МКАД і вуліцай Мірашнічэнкі стала магчымая, бо ў 2014 годзе граніца ахоўнай зоны вакол некропаля ў Курапатах была змененая. Між тым участак у арэнду быў выдзелены ў 2013 года, што дае фармальную нагоду для адмены рашэння.
Пратэсты доўжацца ад панядзелка 20 лютага. Уначы на 19 лютага 15—20 маладзёнаў у чорным напалі на дзясятак юнакоў, што вартавалі каля будпляцоўкі. Нападнікі раскідалі намёт, сарвалі беларускія сцягі і перакулілі бочку з вогнішчам. Пры гэтым яны гукалі «Белая раса!».
«Магчыма, гэта былі курсанты ці спартоўцы», — выказаў меркаванне журналіст Алесь Кіркевіч, якому падчас гэтага інцыдэнта калом разбілі галаву да крыві. Ягоную ўвагу звярнуў той факт, што за пару гадзін да з'яўлення цітушак з будпляцоўкі зніклі міліцыянты-ціхары і з'ехаў «козлік» з амапаўцамі. Міліцыя праводзіць праверку па факце інцыдэнта.
Курапаты — месца, дзе саветы расстралялі дзясяткі тысяч грамадзян Беларусі. Гэта была частка палітыкі, скіраванай на вынішчэнне нацыянальных эліт, здольных узначаліць супраціў паняволеных народаў. У Беларусі былі загубленыя практычна ўсе багатыя сяляне, большасць пісьменнікаў, міністраў, акадэмікаў, а пазней, у некалькі прыёмаў, самі чэкісты, якія ўдзельнічалі ў арыштах і расстрэлах.
Пратэстоўцы патрабуюць адмены рашэння аб выдзяленні пляцоўкі пад забудову.
Нагадаем, што ў выніку пратэстаў у 2013 годзе ўдалося не дапусціць адкрыцця рэстарана і забаўляльнага цэнтра «Бульбаш-хол» з іншага боку МКАД і Курапат. Варта адзначыць, што тыя пратэсты не дасягалі такога накалу.





