Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што зробіць запыт на масіўны бюджэт для «аднаго з найбуйнейшых вайсковых нарошчванняў у амерыканскай гісторыі».
Пра гэта ён заявіў на Канферэнцыі кансерватыўных палітычных дзеянняў Conservative Political Action Conference, арганізацыі, якая дала Трампу першую платформу ў барацьбе за прэзідэнцкае крэсла, перадае Reuters.
Ён акрэсліў планы па ўмацаванні амерыканскай арміі, аднак не прывёў канкрэтных дэталяў.
Па словах Трампа, запланаваныя мерапрыемствы маюць на мэце мадэрнізацыю узброеных сілаў у наступальным і абарончым плане. Паводле яго слоў, будзе прасіць аб «масіўным абаронным бюджэце», які зробіць абарону краіны «большай, лепшай і мацнейшай як ніколі раней».
«І, спадзяюся, нам ніколі не трэба будзе выкарыстоўваць гэтую сілу, але ніхто і не збіраецца звязвацца з намі. Ніхто», - заявіў прэзідэнт ЗША.
Раней паведамлялася, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што хоча павялічыць ядзерны арсенал ЗША. Трамп лічыць, што Злучаныя Штаты «адсталі ў сваіх ядзерных магчымасцях».





