Дзікія афрыканскія сланы спяць менш за іншых сысуноў, высветлілі навукоўцы з Універсітэта Вітватэрсранда ў ПАР.

Слон

Тут і ніжэй фота: Wits University

У заапарках сланоў вывучаюць даўно. У няволі гэтыя жывелы спяць па 4-6 гадзін. Аднак на волі яны праводзяць у сне значна менш часу, піша ВВС.

Даследчыкі ў Батсване ўжывілі пад скуру дзвюм сланіхам трэкеры, з дапамогай якіх ім удалося адсачыць, калі жывёлы спяць.

Сланіхам таксама надзелі ашыйнікі з гіраскопамі. Яны дапамаглі высветліць, у якіх позах спяць жывёлы.

За сланіхамі назіралі пяць тыдняў. Часам яны не спалі па некалькі дзён. За гэты час жывёлы пераадольвалі вялікія адлегласці, магчыма, ратуючыся ад браканьераў або пазбягаючы львоў.

Сланы праводзяць вельмі мала часу ў фазе хуткага сну, якая характарызуецца падвышанай актыўнасцю галаўнога мозгу.

Падчас фазы хуткага сну ўсе цягліцы расслабляюцца, і спаць можна толькі лежачы. Высветліць, што сланы вельмі мала часу праводзяць у гэтай фазе, дапамаглі гіраскопы.

Некаторыя навукоўцы лічаць, што фаза хуткага сну грае вялікую ролю ў фармаванні памяці. Гэтая тэорыя ўяўляецца спрэчнай, калі сланы сапраўды праводзяць у гэтай фазе вельмі мала часу — у іх як раз добрая памяць, адзначае прафесар Пол Мангер, адзін з даследчыкаў.

Мангер кажа, што кароткі сон сланоў тлумачыцца іх памерамі: «Мы меркавалі, што сланы павінны быць самымі чуйнымі жывёламі, таму што яны вялікія».

«Чаму так атрымліваецца, мы не ведаем. Сон — гэта адна з самых незвычайных таямніц біялогіі разам з патрэбай у ежы і размнажэннем, гэта біялагічны імператыў. Мы павінны спаць, каб выжыць», — дадае ён.

Як правіла, буйныя сысуны спяць менш, чым жывёлы невялікага памеру. Напрыклад, ляніўцы спяць у сярэднім 14 гадзін у суткі, а чалавек — 8 гадзін. Як сланам удаецца выжываць, праводзячы ў сне толькі дзве гадзіны ў суткі, пакуль застаецца таямніцай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?