19 сакавіка ў Слоніме праходзіць акцыя пратэсту супраць дэкрэту №3. Яе арганізатарам выступае Слонімская кааліцыя дэмакратычных арганізацый, у якую ўваходзяць палітычныя партыі, рухі і ініцыятывы. Актывісты абураныя тым, што за апошнія гады ў горадзе закрыўся шэраг прадпрыемстваў: аўтарамонтны завод, «Тэкстыльнік», «Пух-пяро», «Сельгастэхніка», іншыя прадпрыемствы істотна скарачаюць супрацоўнікаў.

На плошчы іх сустрэў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі і раённыя чыноўнікі. Падчас рэзкай гутаркі ўдзельнікі яму прыгадалі, як на прадпрыемствах запалохвалі тых, хто збіраўся ўдзельнічаць у маршы, пагражалі выгнаць з працы. Старшыня Слонімскага райвыканкама папрасіў усіх, хто будзе мець на працы праблемы пасля акцыі, звяртацца асабіста да яго. «Чулі? Нічога не бойцеся», — гучна абвясціў у мегафон актывіст Віктар Марчык.

Паводле словаў старшыні райвыканкама, у раёне было разаслана каля 1,5 тысячы «лістоў шчасця» пра выплату падатку за дармаедства. 

Людзі патрабавалі працы, Таргонскі казаў, што гатовы да кампрамісу, але «не трэба заробак называць палучкай» і «каля аднаго веніка па пяць чалавек стаяць не будзе, а грошы трэба зарабіць». У прыватнасці, ён сказаў пра перамовы з Астравецкім раёнам наконт працы слонімцаў на будаўніцтве Астравецкай АЭС.

«Ды ўсе бягуць з той АЭС! Колькі там заробіш!» — рэагавалі людзі.

Пасля слова ўзяў адзін з удзельнікаў мітынгу, былы работнік аднаго з аўтапаркаў. «Старшыня нам работы не дасць, у яго яе няма, — сказаў ён і адзначыў, што трэба проста адмяніць Дэкрэт №3. — І хай наша ўлада будзе ініцыятарам гэтага».

«Адмяніць! Адмяніць!» — скандавалі людзі.

Пасля прыняцця супольнай рэзалюцыі ўдзельнікі памалу пачалі разыходзіцца. Па індывідуальных пытаннях, якіх падчас мітынгу гучала большасць, Таргонскі запрашаў усіх у панядзелак на прыём у райвыканкам.

Маршу ў Слоніме папярэднічала масавае застрашванне людзей. Міліцыя ездзіла на прадпрыемствы і засцерагала людзей ад удзелу. Дзяржаўныя СМІ таксама знялі шэраг праграм, у якіх выстаўлялі ўдзельнікаў пратэстаў ворагамі народу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?