Закупкі імпартных прадуктаў харчавання для ўстаноў адукацыі Мінска плануецца скараціць для таго, каб зрабіць больш таннымі школьныя абеды, паведамляюць «Мінск-Навіны».

Гэтае пытанне ўздымалася 23 сакавіка на пасяджэнні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. На пасяджэнні абмяркоўвалася выкананне бюджэту Мінска за 2016 год і рэалізацыя мер па выкананні бюджэту ў 2017 годзе.

«Адміністрацыямі раёнаў, камітэтам па адукацыі не прымаюцца належныя меры па кантролі за змяншэннем кошту страў», — адзначыў намеснік начальніка галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінгарвыканкама Сяргей Бурачэўскі.

Ён праінфармаваў, што Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь (МАРГ) праведзеныя маніторынгі аб'ектаў грамадскага харчавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, у ходзе якіх выяўленыя факты выкарыстання пры прыгатаванні страў дарагіх харчовых прадуктаў, якія закупляюцца ў гандлёвых сетках, а не ў вытворцаў.

«Гэта прыводзіць да павышэння кошту страў і невыканання натуральных нормаў харчавання», — растлумачыў Бурачэўскі.

Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац даручыў вызначыць пералік прадуктаў харчавання імпартнай вытворчасці, якія могуць быць закупленыя для школ, бо не вырабляюцца ў Беларусі, адсутнічаюць у сувязі з сезоннымі асаблівасцямі або па іншых аб'ектыўных прычынах. Але фактаў закупкі больш дарагіх імпартных яблыкаў або цыбулі пры наяўнасці аналагічнай айчыннай плодаагародніннай прадукцыі быць не павінна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0