Суд Маладзечанскага раёна прызнаў вінаватай рэдактарку сайта Kraj.by Святлану Цішко ў парушэнні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Журналістку пакаралі штрафам.

У мінулую пятніцу супрацоўнікі міліцыі склалі адміністрацыйны пратакол на рэдактара сайта Kraj.by Святлану Цішко.

Журналістку абвінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34) за тое, што сваім артыкулам яна нібыта заклікала людзей да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі

— Гэта быў звычайны інфармацыйны матэрыял пра тое, як у горадзе рыхтуюцца да акцыі, напярэдадні якой цэнтральную плошчу Маладзечна нават абнеслі металічнай агароджай, — расказала Святлана прэс-службе БАЖ. — Я дала журналістам заданне праверыць інфармацыю наконт гэтай акцыі, спраўдзіць, ці сапраўды яна не дазволеная.

Сёння суд заслухаў бакі. Выступіў адвакат, ён прапанаваў закрыць справу з-за адсутнасці складу злачынства.

Агулам паседжанне заняло хвілін 20 часу. 

У выніку суд прызнаў Святлану Цішко вінаватай у арганізацыі масавых мерапрыемстваў і пакараў штрафам у 20 базавых велічыняў (460 рублёў).

Артыкулам 23.34 КаАП прадугледжаны толькі два спецыяльныя суб'екты правапарушэння — удзельнікі масавага мерапрыемства і арганізатары масавага мерапрыемства. Пратакол па адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні Цішко быў складзены па ч. 1 арт. 23.34, па гэтай частцы спецсуб'ект — удзельнікі масавага мерапрыемства. Святлана Цішко удзельніцай маршу не была, бо прысутнічала там з рэдакцыйным заданнем. На гэта звярнуў увагу адвакат Дзмітрый Лепрэтар. Ён прасіў проста спыніць справу з-за адсутнасці складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Але суддзя нават не стаў высвятляць сам факт прысутнасці Святланы Цішко на маршы — была яна там ці не.

Ён палічыў, што такая пазіцыя сведчыць аб «жаданні сыйсці ад адказнасці». Як і тое, што артыкул, па словах адваката, быў інфармацыйным, без заклікаў да ўдзелу ў маршы.

Пастанова, магчыма, будзе абскарджаная ў абласным судзе.

— Я агаломшаная такім рашэннем. Я не чакала, што журналіста можна прыцягнуць да адказу за распаўсюд звычайнай інфармацыі. Да таго ж 20 базавых (460 рублёў) далі мне — жанчыне, якая адна гадуе непоўнагадовае дзіця. Для Маладзечна гэта вялікія грошы, — сказала Святлана Цішко, калі даведалася пра рашэнне суда.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?