Нагнятаючы істэрыю вакол «справы баевікоў», некаторыя СМІ расказваюць пра «планы» і «арсеналы» людзей, якіх называюць сябрамі арганізацыі «Белы легіён».
Так, у эфіры некаторых тэлеканалаў увечары ў чацвер паказалі кадры, дзе чалавек у акулярах паказвае на «схрон з арматурай і гранатамі».
Чалавек на відэа — Яўген Палтаржыцкі. Ён былы студэнт гістфака БДУ, «каліновец», адвучыўся і жыў некаторы час у Польшчы.
Якая была яго роля ў патрыятычных летніках?
Як вядома «Нашай Ніве» з уласных крыніц, Яўген Палтаржыцкі не браў удзелу ў трэніроўках. Ён часам адвозіў на машыне да лагеру ўдзельнікаў летніка.
Трэніроўкі, расказалі нам, уключалі ў сябе заняткі па тактыцы, медыцыне: словам, рэчы звычайныя як для страйкбольнага клуба, так і для любога школьнага ўроку вайсковай падрыхтоўкі і фізкультуры.
Увогуле, як расказалі «Нашай Ніве» падлеткі, былыя ўдзельнікі курсаў, у ваенна-патрыятычную дзейнасць былі ўцягнутыя сотні чалавек па ўсёй краіне — пры гэтым ніякіх палітычных мэтаў не дэкларавалася. Для ініцыятараў найвышэйшай каштоўнасцю з'яўлялася незалежнасць краіны і гатоўнасць абараняць яе ад вонкавага ворага з любога кірунку.
Што да планаў на 25 сакавіка, то ў відэа Палтаржыцкі не сказаў нічога ўцямнага: маўляў, былі засцярогі магчымай правакацыі нейкіх прарасійскіх сілаў, якія маглі пакалечыць людзей у калоне, «праз што было сказана, каб мы былі гатовыя аказаць ім супраціў».
Варта адзначыць яшчэ два моманты на відэа, якія выглядаюць пастановачнымі.
Камічна выглядае «схрон арматуры» ў Налібоцкай пушчы, калі такой арматуры прадаюцца тоны на дзясятках металабаз Мінска.
Страшылка з арматурай усплывае не першы раз — у 2010 годзе напярэдадні выбараў ужо знаходзіўся (і знік) «цэлы гараж» з ёй.
І асаблівую ўвагу звяртаюць налепкі, якія нібыта знайшлі ў Міраслава Лазоўскага: там і «антымайдан» ды іншыя, дзе па бела-чырвона-белым сцягу топчуцца боты. Можна падумаць, што беларускі нацыяналіст будзе захоўваць расійскую сімволіку.
І гэта не адзінае пытанне, якое застаецца пасля прагляду сюжэта.
Таксама нагадаем, што не спраўдзіліся сцвярджэнні пра нібыта тры знойдзеныя карабіны ў затрыманага Віктара Данілава — эксперты ў сферы балістыкі, апытаныя «Нашай Нівай», угледзелі на кадрах толькі маса-габарытны макет АКС-74, легальную паляўнічую зброю і трэніровачныя гранаты.





