Старшыня польскага Сэнату Станіслаў Карчэўскі зрабіў заяву ў сувязі з падзеямі ў Беларусі.
На сваім Твітары палітык напісаў:
«Лукашэнка губляе шанец на збліжэньне з Эўразьвязам і Польшчай. Жорсткае падаўленьне мірных дэманстрацый і арышты пярэчаць яго абяцаньням. Заклікаю ўлады Беларусі спыніць гвалт праваахоўных органаў і неадкладна вызваліць затрыманых з-пад арышту».
У сьнежні мінулага году Карчэўскі пасьля трохдзённага візыту ў Беларусь назваў Лукашэнку «цёплым чалавекам». У інтэрвію радыёстанцыі Radio Zet ён тады сказаў:
— Спадар Лукашэнка клапоціцца пра інтарэс Беларусі, гэта бачна. І бачна, што гэта цёплы чалавек.
Міністэрства замежных справаў Польшчы заявіла сёньня, што «занепакоена тым, як улады Беларусі перашкаджалі ладжаньню мірнага пратэсту ў Менску 25 сакавіка 2017 году».





