Аддзелам Следчага камітэта Шумілінскага раёна праводзіцца праверка па факце смерці 8-гадовага хлопчыка, які праваліўся пад лёд.
Фота: sk.gov.by
Вядома, што 27 сакавіка каля 14.00 гадзін два аднакласнікі гулялі побач са штучным вадаёмам, размешчаным паблізу аграгарадка Слабада Шумілінскага раёна. Адзін з хлопчыкаў выйшаў на лёд, стаў слізгаць і праваліўся пад яго. Другі хлопчык паспрабаваў яго выцягнуць, аднак не змог гэтага зрабіць і пабег па дапамогу.
Дзіця дастаў з вады вартаўнік Слабадской сярэдняй школы, брыгада хуткай медыцынскай дапамогі хлопчыка даставіла ў бальніцу. Каля 20.00 гадзін у рэанімацыйным аддзяленні бальніцы медыкі канстатавалі смерць дзіцяці.
Следчыя правялі агляд месца здарэння, прызначылі судова-медыцынскую экспертызу, апыталі бацькоў і відавочцаў здарэння.
Следчыя звяртаюцца да бацькоў з просьбай быць асабліва пільнымі да дзяцей падчас школьных вакацый. Правесці з падлеткамі гутаркі аб тым, што ўжо небяспечна выходзіць на лёд на вадаёмах краіны ў такое надвор'е.





