Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь запусціў бестэрміновую акцыю «Адзіны квіток», якая дасць магчымасць мінчукам і гасцям сталіцы наведаць сем музеяў, купіўшы ўсяго адзін квіток у любым з іх, паведамілі агенцтву «Мінск-Навіны» ва ўстанове.
Ахвотныя змогуць пазнаёміцца з экспазіцыямі і выставамі, за выключэннем камерцыйных:
— Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь;
— Музея прыроды і экалогіі;
— Дома-музея I з'езда РСДРП;
— Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці;
— Музея гісторыі беларускага кіно;
— Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры;
— Гасцёўні Уладзіслава Галубка.
Усе яны знаходзяцца ў цэнтры сталіцы ў крокавай даступнасці адзін ад аднаго.
Адзіны квіток дзейнічае на працягу двух тыдняў з моманту набыцця. Цана: 15 рублёў для дарослых, 12 рублёў для студэнтаў і 9 для школьнікаў.
На квітку надрукаваная уся неабходная інфармацыя з адрасамі, тэлефонамі і графікамі працы музеяў.
Таксама на сайце музея з'явілася інфармацыя аб тым, што пачынаючы з красавіка 2017 года дзень бясплатнага наведвання экспазіцый і некамерцыйных выстаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і ўсіх яго філіялаў пераносіцца з апошняй серады месяца на першы панядзелак месяца.





