Парламент Шатландыі прыняў прапанову аб паўторным рэферэндуме аб незалежнасці, правядзення якога дамагаецца першы міністр Нікола Стэрджэн, паведамляе ВВС.
Дэпутаты пагадзіліся правесці новае галасаванне паміж восенню 2018 года і вясной 2019-га — як і настойвала першы міністр Шатландыі.
За новы рэферэндум, прагаласавалі 69 дэпутатаў рэгіянальнага парламента, супраць — 59.
У Шатландыі не згодныя з вынікамі рэферэндуму аб сяброўстве Брытаніі ў ЕС. Большасць шатландцаў — 62% — у ходзе праведзенага ў чэрвені 2016 года рэферэндуму прагаласавалі за захаванне сяброўства краіны ў Еўрасаюзе.
Па законе, перад тым як падаваць запыт аб рэферэндуме ва ўрад Брытаніі, Стэрджэн павінна атрымаць дазвол шатландскага парламента.
Брытанскі ўрад ужо заявіў, што заблакуе ўсе спробы правядзення новага рэферэндуму ў Шатландыі да заканчэння працэдуры «брэксіту».
У верасні 2014 года ў Шатландыі ўжо праводзіўся рэферэндум аб незалежнасці ад Брытаніі. Прыхільнікі незалежнасці тады прайгралі: 55,3% шатландцаў прагаласавалі супраць выхаду Шатландыі са складу Злучанага Каралеўства.





