27 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска разгледзелі адміністрацыйныя справы гараджан, затрыманых падчас мірных акцый пратэсту 25 і 26 сакавіка, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».
Журналісты, праваабаронцы і проста неабыякавыя жыхары Віцебска пачалі збірацца ў фае Кастрычніцкага суда, як толькі ён адкрыўся. Аднак да прысутных выйшла памочніца старшыні суда Вольга Клімкова і, паведаміўшы аб тым, што затрыманых у выхадныя прывязуць толькі да 14:00, запатрабавала ачысціць будынак суда.
Журналісты, праваабаронцы і неабыякавыя жыхары Віцебска ў фае Кастрычніцкага суда. Фота Сяргея Серабро
Суды над удзельнікамі Дня Волі і затрыманымі на плошчы Перамогі 26 сакавіка сапраўды пачаліся пасля 14:00. Адразу скажам, што ўсе яны былі прызнаныя вінаватымі ў правапарушэннях, якія ім прыпісваліся міліцыяй.
Па 15 сутак арышту атрымалі сябра партыі БНФ Леанід Аўтухоў з Гарадка, які ў суботу ішоў ў калоне першым і скандаваў лозунгі, праваабаронца Леанід Свецік і фрылансер Канстанцін Мардвінцаў, якіх затрымалі ў нядзелю, 26 сакавіка, на плошчы Перамогі.
Праваабаронца Ірына Траццякова патрабуе прапусціць яе на судовае пасяджэнне па справе Кастуся Мардвінцава. Фота Сяргея Серабро
На 13 сутак арышту асудзілі 19-гадовага віцябляніна Улада Камароўскага, якога затрымалі на Дні Волі 25 сакавіка. Віцебскага актывіста партыі БНФ Хрыстафора Жаляпава, які таксама ішоў на Дні Волі са сцягам на плячах і выступаў ля помніка Караткевіча, пакаралі 12 суткамі арышту.
Журналіст з Оршы Арцём Сізінцаў, які асвятляў суботнюю акцыю для радыё «Рацыя» атрымаў 10 сутак арышту. Суд не пагадзіўся з тым, што Сізінцаў выконвалі прафесійныя абавязкі журналіста, і пакараў яго за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Акрамя таго, канвой не дазволіў маладому чалавеку забраць з сабой прадукты, якія яму перадалі ў зале пасяджэнняў.
Штраф у памеры 690 рублёў атрымала праваабаронца Ірына Траццякова, якую затрымалі 26 сакавіка ў раёне плошчы Перамогі. Нягледзячы на шматлікія нестыкоўкі ў рапартах і пратаколах міліцыі, выяўленых у ходзе пасяджэння затрыманай, суддзя прызнала яе вінаватай.
Таксама былі аштрафаваны яшчэ дзве дзяўчыны Аліна Сільчанка і Ганна Сцяпура, кожныя з іх павінны заплаціць у казну па 460 рублёў.





