Пасля брутальнага разгону святкавання Дня Волі 2017 у Мінску па інтэрнэце палезлі чуткі, што людзі ў зялёнай форме — гэта расійскі спецназ.
Пасля такая думка аформілася ў навіну на сайце «Магілёўскага рэгіёна», адкуль пачала падарожжа па сацыяльных сетках.
«Наша Ніва» разабралася, ці ёсць падставы казаць пра «расійскі спецназ».
Разбярэм папунктава.
Шлемы на расійскім вайскоўцу і беларускім спецназаўцы, якія аўтар называе «аднолькавымі» і якія прыводзяцца ў якасці доказу прысутнасці расіян на Дні Волі, насамрэч не аднолькавыя — на іх нанесены розны камуфляж, рознае абарончае шкло.
Расійскі вайсковец (злева) і беларускі спецназавец. «Касатка» на грудзях — гэта найхутчэй пазыўны ці мянушка ў роце, а не датычнасць да мурманскага спецназа ФБС «Касатка», як сцвярджаецца ў артыкуле. Аднолькавы тып балаклавы таксама ні пра што не кажа — «зялёныя» спецназаўцы былі ў абсалютна розных.
Форма «Горка» таксама выкарыстоўваецца ў Беларусі — насуперак сцвярджэнню ў артыкуле.
Розныя варыяцыі «Горкі» носяць у беларускім спецназе, гэтак жа, як і умоўны «Мульцікам» і «Акупат», якія больш уласцівыя натаўскім арміям.
Больш за тое, за чалавекам у «Горцы» стаяць хлопцы ў статутнай форме Унутраных войскаў Беларусі — канкрэтна ў Мінску так апранутыя службоўцы в/ч 3214 і 3310.
Не сакрэт, што афіцэры і кантрактнікі часам лічаць за лепшае адмовіцца ад статутнай для тэрміновых жаўнераў формы і самастойна купіць іншую — больш зручную канкрэтнаму чалавеку. Гэта звычайная практыка для сілавікоў.
Падобную думку выказаў «Нашай Ніве» і вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.
«У нашых краінах існуюць міжведамасныя калегіі МУС, КДБ і ФСБ. Там прынятыя аднолькавыя стандарты абмундзіравання, і гэта датычыць не толькі Унутраных войскаў — з Расіяй у нас аднолькавая стралковая зброя, аднолькавая вайсковая тэхніка. Таму, калі вы ўбачыце салдата з аўтаматам Калашнікава ў Беларусі, вы ж не падумаеце, што гэта расіянін? — кажа Алесін. — Ну і калі дапусціць, што тут хтосьці прыехаў з Кыргызстана, Германіі ці Расіі, каб паназіраць за работай тутэйшага спецназа для абмена досведам, то наўрад ці б яны афішавалі тут сваю прысутнасць — стаялі б сабе ў цывільнай ці спартовай форме. Таму я ацэньваю чуткі пра прысутнасць рускіх як фэйк, запушчаны з разлікам на неабазнаных у тэме людзей».
Прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі сказаў «Нашай Ніве», што каментаваць усур'ёз гэтыя чуткі было б дурасцю і ліццём вады на млын тых, хто іх запускае.
Яшчэ адна крыніца з Унутраных войскаў назвала чуткі пра «спецназ ФСБ» лухтой.
Аналітык Андрэй Паротнікаў сказаў нам, што аргументацыя рэальнасці расійскага спецназа ў Мінску вартая смеху, бо ўсе згаданыя элементы экіпіроўкі выкарыстоўваюцца ў Беларусі.
Па фота, якія ёсць у інтэрнэце, можна зрабіць высновы, што ў разгоне акцыі ўдзельнічалі адначасова міліцыя, АМАП і спецназ Унутраных войскаў.





