Белстат падлічыў насельніцтва ўсіх гарадоў і мястэчак Беларусі па стане на пачатак 2017 года.
Астравец. Фота Ірыны Арахоўскай.
Якія цікавыя лічбы можна заўважыць?
1. Сярод абласных гарадоў найбольшы пастаянны прырост дэманструе Гродна. Насельніцтва горада складае 368 710 чалавек, і ўжо зусім хутка перагоніць Віцебск (там жывуць 369 933 чалавек). Недалёка знаходзіцца і Магілёў (380 440 чалавек). Пры захаванні цяперашняй дынамікі Гродна праз некалькі гадоў зможа стаць трэцім горадам краіны, услед за Мінскам і Гомелем.
2. Паколькі правінцыя вымірае, становіцца ўсё больш раёнаў з крытычна нізкім узроўнем насельніцтва. У Расонскім раёне жывуць 9350 чалавек, у Краснапольскім — 9520, у Дрыбінскім — 9870. На мяжы яшчэ Нараўлянскі (10430) і Хоцімскі (10640). Ці ёсць сэнс у існаванне такіх раёнаў? Пытанне перадусім эканамічнае, бо ў кожным з гэтых выпадкаў асобная адміністрацыя працуе для такой самай колькасці людзей, як квартал новабудоўляў у сталіцы.
3. Насельніцтва Мінска працягвае падбірацца да 2 мільёнаў (пакуль што 1 974 819 чалавек). Аднак гэта гаворка толькі пра адміністратыўныя межы горада. Напрыклад, у Калодзішчах, куды заязджае сталічны гарадскі грамадскі транспарт, жыве яшчэ каля 17,5 тысячы чалавек. І гэта фармальна ў аграграрадку!
Адначасова працягваецца і развіццё спадарожнікаў. І Фаніпаль, і Заслаўе, і Лагойск, і Смалявічы, і Дзяржынск — усе ва ўпэўненым плюсе.
* * *
Топ беларускіх гарадоў па прыросце насельніцтва:
Горад | 2017 | 2016 | % | |
1 | Астравец | 10 253 | 9569 | 7,15% |
2 | Фаніпаль | 15 922 | 15 198 | 4,76% |
3 | Гомель | 535 229 | 521 452 | 2,64% |
4 | Столін | 13 269 | 12 951 | 2,46% |
5 | Горкі | 34 553 | 33 830 | 2,14% |
6 | Добруш | 18 760 | 18 380 | 2,07% |
7 | Ашмяны | 16 684 | 16 388 | 1,81% |
8 | Заслаўе | 15 419 | 15 151 | 1,77% |
9 | Лагойск | 12 950 | 12 739 | 1,66% |
10 | Лунінец | 24 712 | 24 412 | 1,23% |
11 | Калінкавічы | 40 315 | 39 860 | 1,14% |
12 | Мядзел | 6949 | 6871 | 1,14% |
13 | Брэст | 343 985 | 340 141 | 1,13% |
14 | Скідзель | 10 709 | 10 592 | 1,1% |
Мы ўключылі ў спіс тыя гарады, дзе насельніцтва вырасла больш чым на 1%.
Феномен Астраўца звязаны з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі. А вось скачок Гомеля тлумачыцца тым, што ў межы горада ўключылі 10-тысячны рабочы пасёлак Касцюкоўка.





