2016 год адзначыўся цікавымі і лёсавызначальнымі падзеямі ў сусветнай палітыцы: Трамп стаў прэзідэнтам ЗША, а Вялікабрытанія вырашыла выйсці з ЕС. На фоне гэтых дзвюх падзей Еўрапейскі Саюз перажыў рост папулярнасці ўльтраправых радыкальных партый. Сёлета ў Еўропе адбудзецца шэраг выбараў, на якіх ультраправыя калі не перамогуць, то дакладна ўзмоцняць свае пазіцыі.

Гэта з’яўляецца вялікім выклікам для ЕС, таму што ўльтраправыя партыі з’яўляюцца галоўнымі еўраскептыкамі і аматарамі незалежнасці сваіх краін ад Брусэля. Акрамя таго, гэтыя партыі ў той ці іншай форме з’яўляюцца хаўруснікамі Крамля, што не можа не выклікаць асцярогу ўсходніх суседзяў ЕС.

Хто з еўрапейскіх ультраправых радыкалаў будзе ўдзельнічаць у бягучых выбарах, якія ў іх шанцы на поспех, чаму еўрапейскія ўльтраправыя пасябравалі з пуцінскай Расіяй і чым іх поспех можа пагражаць Беларусі — адказы на гэтыя пытанні шукала «Наша Ніва».

Францыя

Сёлета ў Францыі адбудуцца адразу і прэзідэнцкія, і парламенцкія выбары. На апошніх рэгіянальных выбарах у 2015 годзе партыя Марын Лё Пэн «Нацыянальны фронт» паказала добрыя вынікі. За праварадыкальную сілу прагаласавала больш за 27% выбарцаў. Па колькасці набраных галасоў «Нацыянальны фронт» стаў лідарам і апярэдзіў кіруючую партыю сацыялістаў, а таксама рэспубліканцаў. І толькі спецыфіка выбарчага працэсу ўратавала Францыю ад трыумфу ультраправых.

У выніку партыя Лё Пэн так і не здолела перамагчы ні ў адным рэгіёне, таму што сутыкнулася з узгодненым тактычным галасаваннем сацыялістаў і рэспубліканцаў. Хаця «Нацыянальны фронт» у выніку прайграў выбары, але значна пашырыў сваю электаральную базу.

Сёлета французы спачатку абяруць прэзідэнта: 23 красавіка адбудзецца першы тур, а 7 мая — другі. Яшчэ да канца мінулага года відавочнымі фаварытамі лічыліся кансерватар Фіён і ультраправая кандыдатка Лё Пэн. Дзейны прэзідэнт Франсуа Аланд з «Сацыялістычнай партыі» вырашыў не балатавацца ў другі раз з-за нізкіх рэйтынгаў. Перадвыбарчыя апытанні паказвалі, што Фіён і Лэ Пэн у першым туры ішлі ўпоравень, але ў другім туры найбольш імаверным пераможцам быў Фіён. Лічылася, што правы кансерватар Фіён у другім туры атрымае падтрымку левых і лібералаў, якія гатовыя галасаваць нават за Фіёна, абы да ўлады не прыйшла яшчэ больш правая Лё Пэн.

Але з пачатку 2017 года сітуацыя кардынальна змянілася. Пасля шматлікіх карупцыйных скандалаў з удзелам Лё Пэн і Фіёна на вяршыні рэйтынгаў апынуўся Эмануэль Макрон, якога нельга назваць ні левым, ні правым кандыдатам. Яго ідэалогію можна ахарактарызаваць як прагрэсівізм, які ён супрацьпастаўляе кансерватызму. Макрон, які сумяшчае несумяшчальнае, збірае галасы як левых, так і правых французаў. Таксама ён лічыцца найбольш праеўрапейскім кандыдатам.

Перадвыбарчыя апытанні даюць Макрону і Лё Пэн па 23%, а Фіёну і кандыдату лявіцы Мэляншону — каля 20%. А вось у другім туры Макрон упэўнена перамагае Лё Пэн (65% у Макрона супраць 35% у Лё Пэн).

Калі нейкім чынам Макрон не трапіць у другі тур, то перамога Лё Пэн не выглядае ўжо такой немагчымай. У гіпатэтычным другім туры з удзелам Фіёна і Лё Пэн перамагае першы, але адрыў не надта вялікі — менш за 10%.

На парламенцкіх выбарах, якія адбудуцца летам, перспектывы Марын Лё Пэн яшчэ больш змрочныя. Мажарытарная выбарчая сістэма, калі выбарцы галасуюць не за партыю, а за канкрэтнага кандыдата ад кожнай акругі, не іграе на руку нацыяналістам. Напрыклад, на мінулых парламенцкіх выбарах «Нацыянальны фронт» атрымаў каля 13,6% галасоў выбарцаў, але толькі 2 месцы ў парламенце. У той час як за «зялёных» прагаласавала 5,5% выбарцаў, але яны атрымалі ажно 17 месцаў.

Ультраправая Лё Пэн амаль не хавае сваіх сувязяў з Крамлём. Палітыкі з «Нацыянальнага фронту» падтрымліваюць дзеянні Расіі ў Крыме і Данбасе. Лё Пэн некалькі разоў наведвала Маскву, а селёта ў канцы сакавіка нават сустракалася з Пуціным.

Акрамя ідэалагічнай блізкасці (еўраскептыцызму і сацыяльнага кансерватызму), Лё Пэн і Крэмль аб'ядноўвае і фінансавае пытанне. Вядома пра тое, што партыя Лё Пэн атрымоўвае грошы ў расійскіх банках. Так, у 2014 годзе «Нацыянальны фронт» атрымаў «крэдыт» памерам 9 млн еўра ў Першым Чэшска-расійскім банку. Гэты банк належыць структурам мільярдэра Генадзя Цімчанкі, які ў сакавіку 2014 года трапіў у санкцыйны спіс Еўрапейскага Саюза з-за дзеянняў РФ у Крыме.

Германія

Выбары ў нямецкі Бундэстаг адбудуцца 24 верасня 2017 года.

У адрозненне ад Францыі, дзе сістэма выбараў мажарытарная, у Германіі яна змешаная. Палова дэпутатаў абіраецца ад аднамандатных акруг, палова — па партыйных спісах.

Упершыню ў нямецкі Бундэстаг можа трапіць ультраправая партыя AfD («Альтэрнатыва для Германіі»). У канцы 2016 года апытанні давалі ультраправым 15% падтрымкі. Цяпер яна ніжэйшая — каля 10%, але тым не менш ніхто не сумняваецца, што AfD трапіць у парламент.

Фраўке Петры — старшыня AfD.

Фраўке Петры — старшыня AfD.

Атрымаць месцы ў аднамандатных акругах AfD будзе складаней. Імаверна, у яе гэта атрымаецца ў некалькіх акругах ва Усходняй Германіі. На землях былой ГДР ультраправыя карыстаюцца традыцыйна большай падтрымкай, чым на захадзе краіны.

Летась у верасні на рэгіянальных выбарах у зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія AfD з вынікам 20,8% заняла другое месца і нават апярэдзіла кіруючую партыю ХДС.

Прамых доказаў сувязі AfD і Крамля няма, але перыядычна кіраўніцтва партыі ў сваіх заявах падтрымлівае дзеянні Расіі. Напрыклад, намеснік старшыні AfD Аляксандр Голенд заявіў, што «Крым ужо калісьці быў расійскім. Зараз ён зноў стаў расійскім. І ўжо ніколі не вернецца да Украіны. Германія мае гэта прызнаць».

Узровень падтрымкі партыі Меркель ХДС пачаў падаць з сярэдзіны 2015 года, калі Германія сутыкнулася з міграцыйным крызісам. У той час як рэйтынг AfD з таго года пачаў расці. Відавочна, што AfD пераваблівае крайне правы электарат ХДС, незадаволены міграцыйнай палітыкай канцлера і палітыкай у сферы бяспекі.

І партыі Меркель даводзіцца на гэта рэагаваць. Каб вярнуць частку гэтага электарату, ХДС спрабуе гуляць на адным полі з AfD і пераймае некаторыя найменш радыкальныя пункты яе праграмы. На сходзе сваёй партыі Ангела Меркель выступіла за забарону мусульманскага адзення, якое засланяе твар, а таксама адзначыла, што «Германія мусіць заставацца нямецкай».

AfD наўрад ці стане лідарам гонкі, альбо нават часткай кааліцыі. Але іх з’яўленне ў парламенце ўжо вымушае неяк рэагаваць на гэта буйнейшыя палітычныя партыі Германіі (ХДС і СДП), якія, згодна з прагнозамі, будуць змагацца за першае месца. Можна чакаць, што блок ХДС/ХСС будзе імкнуцца пазіцыянаваць сябе як больш правую палітычную сілу, чым цэнтрысцкую.

У сваю чаргу, значна палепшыла свае пазіцыі за апошнія месяцы «Сацыял-дэмакратычная партыя» Германіі. Пасля таго, як старшынёй партыі стаў былы прэзідэнт Еўрапарламента Марцін Шульц, рэйтынг СДПГ падняўся ўгору. Цяпер ХДС/ХСС і СДПГ маюць амаль аднолькавы ўзровень падтрымкі — каля 32%.

Па просьбе «Нашай Нівы» выбары ў Францыі і Германіі, а таксама іх магчымы ўплыў на адносіны ЕС-Беларусь пракаментавалі эксперты.

Кіраўнік беларускага рэгіянальнага прадстаўніцтва нямецкага Фонда Конрада Адэнаўэра (Фонд Хрысціянска-дэмакратычнага саюза) Вольфганг Зэндэр: 

Спачатку трэба паглядзець, ці здольныя і ў якой ступені гэтыя партыі і іх прадстаўнікі рэальна павялічыць сваю падтрымку падчас выбараў. Вынікі ў Нідэрландах, Балгарыі або на выбарах у федэральнай зямлі Саар у Германіі ў нядзелю даюць падставы для асцярожнага аптымізму наконт таго, што перамогуць розум і цэнтрысцкія падыходы, а не папулісцкія і экстрэмісцкія сілы.

Нават калі ў асобных краінах-сябрах ЕС будуць абраныя папулісцкія сілы, я не чакаю праз гэта змены пазіцыі ЕС у дачыненні Беларусі. Ні зараз, ні ў прадбачанай будучыні папулісцкія партыі не будуць вызначаць замежную палітыку. Каб уплываць на палітыку ЕС у дачыненні Беларусі, папулісцкія партыі павінны быць прадстаўленыя ва ўрадавых кааліцыях, а гэтага я зараз нідзе не назіраю. І нават калі ў нейкай краіне партыя або прадстаўнік партыі возьмуць на сябе адказнасць за фармаванне ўрада, усе краіны ЕС у нас усё яшчэ дзейнічаюць супольна, гэта значыць, што для гэтых нацыянальных падыходаў трэба будзе знайсці падтрымку большасці на еўрапейскім узроўні.

У вачах Крамля правапапулісцкія партыі да сённяшняга дня добра каціруюцца, таму што яны мусяць разбурыць давер да нашага грамадства і палітыкі і такім чынам аслабіць Еўропу. Я пакуль не заўважаю, каб Крэмль меў стратэгію па ўцягванні сіл, якія ён падтрымлівае, у ажыццяўленне сваіх уласных замежнапалітычных мэт, якія ідуць значна далей. Але

ў Германіі трэба асобна вылучыць Партыю левых, пераемніцу былых камуністаў з ГДР. Калі яны праз саюз паміж левымі трапяць разам з сацыял-дэмакратамі ў нямецкую ўрадавую кааліцыю, можна чакаць іншай палітыкі з боку Германіі ў дачыненні да Расіі. Прадстаўнікі левых лабіравалі неаднаразова такі падыход, згодна з якім Германія і Расія мусяць спецца за спінамі сярэдне- і ўсходнееўрапейскіх дзяржаў.

Але палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі імаверна будзе вызначацца, хутчэй, у залежнасці ад развіцця сітуацыі ўнутры Беларусі і развіцця Беларусі ў кантэксце Расіі, чым партыямі і палітыкамі, якія прыйдуць да ўлады на Захадзе.

Яўген Прэйгерман, дырэктар па даследаваннях «Ліберальнага клуба»

Мяркую, што імавернасць перамогі ультраправых на бягучых выбарах — мінімальная. Найлепшыя шанцы ёсць у Марын Лё Пэн на прэзідэнцкіх выбарах, але, хутчэй за ўсё, прэзідэнтам яна не стане. Канешне, пасля падзей апошніх гадоў цяжка апеляваць да апытанняў грамадскай думкі.

Але нават калі Лё Пэн і стане прэзідэнтам, малаімаверна, што яе партыя зможа перамагчы на парламенцкіх выбарах.

Тое, што AfD у Германіі зможа перамагчы — таксама нерэалістычны сцэнар. Тое, што яны ўмацуюць свае пазіцыі, — бясспрэчна, але ўмацуюць у тым сэнсе, што раней іх наогул не было ў Бундэстагу. Вельмі верагодна, што яны зараз патрапяць у Бундэстаг і створаць там сваю фракцыю, але не больш за тое. Ніякіх фундаментальных змен я не чакаю. Таму ў Германіі мы будзем назіраць за традыцыйнай гонкай паміж хрысціянскімі дэмакратамі і сацыял-дэмакратамі. Не думаю, што ў Еўропе адбудзецца наплыў праварадыкалаў на кіруючыя палітычныя пасады.

Ці змогуць гэтыя выбары неяк паўплываць на адносіны Беларусі і ЕС? Не думаю. Галоўная праблема ў тым, што Беларусь у Еўрасаюзе стратэгічна ніхто не ўспрымае. Таму не так важна, хто прыйдзе да ўлады ў краінах ЕС: левыя альбо правыя.

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?