Міліцыянтамі быў затрыманы раней не судзімы 31-гадовы мінчанін. Яго падазраюць у махлярстве.

Мужчына працаваў менеджарам у адной са сталічных фірмаў, якая спецыялізуецца на продажы аўтазапчастак і маторных алеяў, а пасля вырашыў адкрыць уласны бізнэс. Для таго, каб ён адразу пачаў прыносіць прыбытак, новаспечаны бізнэсмэн актыўна ўзяўся за пошукі інвестараў - прапаноўваў знаёмым і сябрам укладваць грошы ў развіццё прадпрыемства і атрымліваць адпаведныя дывідэнды.

Атрыманыя «у доўг» сумы вар'іраваліся ад 3 тысяч да 600 тысяч даляраў. Але вяртаць грошы мужчына не спяшаўся, тлумачыў гэта цяжкасцямі, якія ўзнікалі пры ўрэгуляванні розных пытанняў з партнёрамі, а таксама былі звязаны з затрымкай грузу на мытні і, як следства гэтага, немагчымасцю яго хуткай рэалізацыі.

А праз некаторы час мужчына ўвогуле перастаў адказваць на тэлефонныя званкі і прыпыніў працу ў сваім офісе. «Інвестары» пайшлі ў міліцыю.

Сталічнымі аператыўнікамі было ўстаноўлена, што за 2 гады мужчына завалодаў сумай больш за 1 мільён даляраў. У цяперашні час «бізнесмэна» вінавацяць у махлярстве, у дачыненні да яго распачата 15 крымінальных спраў.

На сёння знайшлі не ўсіх пацярпелых асоб. Літаральна на мінулым тыдні ў Савецкае РУУС сталіцы звярнуўся стары знаёмы затрыманага, які паведаміў аб перадачы апошняму грашовых сродкаў у памеры 23 тысяч даляраў. Міліцыя просіць пацярпелых звяртацца ў Савецкае РУУС Мінска ці званіць па тэлефонах 8 (017) 239-67-89, 8 (017) 292-02-02 або 102.

Канфідэнцыяльнасць гарантуецца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?