Сёлета зімой увагу беларускіх СМІ прыцягнула петыцыя на сайта change.org, у ёй звярталіся да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з просьбай прызнаць этнічную групу цвярскіх тудаўлян беларусамі. Агулам пад зваротам падпісалася больша за 350 чалавек.
«Наша Ніва» друкавала інтэрв’ю з аўтарам гэтай петыцыі Аляксандрам Цеханоўскім. Гэта 30-гадовы мужчына, які жыве ў Маскве і працуе менеджарам. Школьныя канікулы Аляксандр праводзіў на канікулах у Цвярской вобласці, дзе шмат чуў беларускіх словаў. У сталым узросце Цеханоўскі прыйшоў да беларускай самасвядомасці.
«Не відаць развіцця, работы няма, людзі з'язджаюць на заробкі ў вялікія гарады. Нягледзячы на мінулае і нашу гісторыю гэта ўсё быццам забываецца кімсьці. Калі б народу тлумачылі пра яго паходжанне, думаю, многія проста здзівіліся б, бо пачынаючы з савецкіх часоў, людзям казалі, што яны рускія і нічым не адрозніваюцца ад астатніх», — казаў Цеханоўскі.
Яўхім Карскі ацэньваў колькасць тудаўлян у 45 тысяч чалавек. Назва пайшла ад ракі Тудаўка, абапал якой і жылі тудаўляне.
Таксама Укантакце дзейнічала група «Тудаўляне», якая налічвала некалькі сотняў чалавек. Цяпер жа суполка выдаленая. Таксама знішчаная старонка Укантакце і самога Аляксандра Цеханоўскага.
Крыніцы «НН» паведамілі, што і раней у цвярскіх актывістаў, якія спрабавалі падняць пытанне «беларускасці» гэтага рэгіёна ўзнікалі праблемы.
У 2012-2014 гадах у вобласці актыўна развівалася аб’яднанне «Цвержа». На Купалле да іх прыходзіла да 30 чалавек. Нават выдаваўся часопіс «Веле».
Аднак праз нейкі час да кіраўніка суполкі прыйшлі з размовай супрацоўнікі ФСБ. Фактычна пасля гэтага і пачаўся заняпад, а потым і поўнае спыненне працы суполкі.
У «Нашай Нівы» таксама былі прыклады, калі пасля гутаркі аб дзейнасці смаленскіх беларусаў імі таксама цікавіліся супрацоўнікі расійскіх спецслужб. Пасля чаго інтэрв’юіры прасілі выдаліць публікацыі з сайта.
Не выключана, што таямнічыя знікненні суполкі Тудаўлян, а таксама старонкі Аляксандра Цеханоўскага могуць быць з той самай серыі.





