Грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах вул.Малініна — вул.Крупскай - вул.Ташкенцкая — вул.Галадзеда — паўднёвая і паўночна-заходняя мяжа ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны 130 ЛР пройдзе ў Мінску з 5 па 29 чэрвеня. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў адміністрацыі Заводскага раёна сталіцы.

Тэрыторыя знаходзіцца ў паўднёвай частцы горада на землях Ленінскага і Заводскага раёнаў, уключае ў асноўным ландшафтна-рэкрэацыйныя зоны паблізу Чыжоўскага вадасховішча і ўчасткі існуючай грамадскай, жылой і вытворчай забудовы. Тут размешчаны культурна-забаўляльны спартыўны комплекс «Чыжоўка-Арэна», гасцінічны комплекс, спартыўныя пляцоўкі і паркоўкі.

Праект прапануе будаўніцтва з боку вул. Галадзеда спартыўнага аб'екта з басейнам, трэнажорнымі і спартыўнымі заламі, спартыўна-рэкрэацыйнага цэнтра (на месцы дамоў па вул. Дворышчы); добраўпарадкаванне паркаў 900-годдзя Мінска, імя Грэкавай, рэканструкцыю рынку ЗАТ «Свелта» пад грамадскія функцыі са зносам гандлёвых павільёнаў і аўтастаянкі.

Таксама прадугледжана завяршэнне рэканструкцыі прыходаў храмаў велікамучаніка Георгія Перамаганосца і святога апостала Андрэя Першазванага, будаўніцтва басейна пры ўстанове ГЦАР па вяслярных відах спорту, дзвюх выратавальных станцый на беразе Чыжоўскага вадасховішча. Паблізу вадаёма з'явяцца пляцоўкі адпачынку, дзіцячыя і відавыя пляцоўкі, паляна для гульняў і актыўнага адпачынку з колам агляду, спускі да вады і прычалы, сцежка здароўя і веладарожка.

З экспазіцыяй можна будзе азнаёміцца з 5 па 19 чэрвеня па вул. Малініна, 41 (УП «Зеленбуд Ленінскага раёна Мінска»), на першым паверсе будынкаў адміністрацыі Ленінскага і Заводскага раёнаў (вул.Маякоўскага, 83 і вул.Жылуновіча, 17), на сайтах раённых адміністрацый. Прэзентацыя праекта адбудзецца 7 чэрвеня ў 19.00 у актавай зале УП «Зеленбуд Ленінскага раёна Мінска». Заўвагі і прапановы будуць разгледжаны на архітэктурна-горадабудаўнічым савеце пры камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0