Бюджэтнае кіраванне Белага дома апублікавала праект бюджэту ЗША на наступны фінансавы год — першы такі дакумент Адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа. Ключавая ідэя — змяншэнне ролі дзяржавы ў амерыканскім грамадстве за кошт скарачэння сацыяльна арыентаваных праграм, піша РБК.

Агулам 62-старонкавы дакумент прадугледжвае скарачэнне дзяржрасходаў на $3,6 трлн ў бліжэйшыя дзесяць гадоў. Гэтыя меры балюча ўдараць па шматлікіх прыхільніках Трампа з ліку аграрыяў і работнікаў з даходамі ніжэй за пражытачны мінімум, якія забяспечылі яму перамогу на прэзідэнцкіх выбарах, сцвярджаюць амерыканскія аглядальнікі.

Планаваны секвестр — найбуйнейшы з калі-небудзь прапанаваных амерыканскімі прэзідэнтамі. Праект прадугледжвае скарачэнне фінансавання такіх сацыяльных праграм, як прадуктовыя карты для маламаёмных, льготы для выпускнікоў ВНУ, субсідыі фермерскім гаспадаркам, медыцынскае забеспячэнне для людзей з абмежаванымі даходамі Medicaid.

Менавіта таму ў бюджэтнага плана Трампа мала прыхільнікаў у кангрэсе нават сярод рэспубліканцаў, якія прадстаўляюць акругі, што падтрымалі яго на выбарах, адзначае Bloomberg.

«Гэта першы бюджэт падаткаплацельшчыкаў», — ахарактарызаваў дакумент дырэктар Бюджэтнага ўпраўлення ЗША Мік Малвейні, маючы на ўвазе, што праект абараняе перш за ўсё інтарэсы плацежаздольных грамадзян. «Мы больш не будзем вымяраць спачуванне колькасцю [сацыяльных] праграм або людзей, якія імі карыстаюцца, — апісаў ён сутнасць праекта бюджэту. — Мы будзем вымяраць спачуванне і поспех колькасцю людзей, якім мы дапамагаем выйсці з гэтых праграм і вярнуць сабе кантроль над уласным жыццём».

Галоўным дасягненнем плана Трампа павінна стаць ліквідацыя бюджэтнага дэфіцыту, які за апошнія дзесяць фінансавых гадоў складаў у сярэднім $790 млрд за год. Збалансаваць федэральны бюджэт адміністрацыя хоча на працягу 10 гадоў. Але дасягненне гэтай мэты залежыць ад падатковай рэформы, дэталёвыя параметры якой адміністрацыя пакуль не раскрыла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?