Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з навучэнцамі «Моладзь. Погляд у будучыню» распавёў пра свае мары ў дзяцінстве.
«Я тады (у дзяцінстве) не думаў пра тое, каб стаць прэзідэнтам. І думаць не мог. Па-першае, прэзідэнтаў у краіне не было. Былі генеральныя сакратары. Але я таксама не думаў пра тое, каб стаць нейкім там сакратаром», — расказаў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на адно з пытанняў.
«Скажу шчыра: у мяне было адзінае жаданне, - паколькі я жыў не ў лепшым сяле, бачыў пакуты гэтых людзей, бачыў недахопы, бачыў, як яны жылі, — у мяне было магутнае жаданне ўзяць нейкую тэрыторыю, гаспадарку, і гэтым людзям зрабіць нешта добрае», — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адным жаданнем у дзяцінстве быў прафесійны спорт і, у прыватнасці, футбол.
«Я страшэнна люблю футбол і хацеў быць вялікім спартоўцам. Але я не патрапіў ні да якога трэнера, ды і гаворкі не магло быць. Як маглі, так і гулялі», — адзначыў беларускі лідар.





