На сайце Мінгарвыканкама працягваецца галасаванне за магчымыя назвы станцыі метро на чацвёртай лініі. Тыдзень таму «Наша Ніва» пісала пра папярэднія вынікі апытанкі. Найменш мінчукі хацелі бачыць станцыю «Мінск-Мір». Супраць яе выказвалася аж 56% апытаных.
Пасля той публікацыі пайшла дзіўная накрутка галасоў менавіта за станцыю «Мінск-Мір». На дадзены момант за яе выказалася 70% апытаных. Больш толькі ў «Кіеўскага сквера» — 71%.
«Мінск-Мір» — гэта штучная назва, якая не мае пад сабой ніякай гістарычнай абгрунтаванасці. Так называецца шматфункцыянальны комплекс, які будуюць у раёне былога аэрапорта «Мінск-1» сербскія мільянеры браты Карычы.





