У інтэрнэце з’явілася навіна пра свежаадкрыты архіўны «Дапаможнік» па пошуку продкаў.
Але ў нашай частцы свету ці не кожны можа знайсці прозвішчы сваякоў і ў больш сумнай маштабнай базе дадзеных «Мемарыял». А для тых, хто рашыўся разабрацца, пра што маўчыць яго сямейная памяць, ў Мінску дзейнічае Школа пошуку інфармацыі пра рэпрэсаваных.
Арганізаваў яе архівіст і гісторык Дзмітрый Дрозд. Методыкі пошуку рэпрэсаваных сваякоў, якія ён прапануе, заснаваныя ў многім на яго асабістым досведзе.
«Стварэнне Школы натхніла, і я стаў пісаць у КДБ, у пракуратуру — паўсюль, — расказвае архівіст. — І стаў дасылаць вялікі спіс асобаў, пра якіх шукаю звесткі.
Канечне, даведацца пра суседзяў, далёкіх сваякоў вельмі цяжка — бо амаль немагчыма дакументальна даказаць сваю роднасць з імі.
Але таксама цяжка атрымаць доступ і да справы нават на блізкіх сваякоў: у адказ часта прыходзіць адпіска «Ознакомленіе не предусмотрено действующім законодательством».
Але я буду дамагацца, каб мне дазволілі знаёміцца са справамі ўсё адно, — кажа Зміцер. — Бо па законе аб архіўнай дзейнасці, калі справе больш за 75 гадоў, яна павінна быць адкрыта для грамадскага азнаямлення. То бок усе дакументы, напісаныя да 1941-га года, ужо павінны былі аказацца ў агульнадаступных архівах».
«Мяне ў архіве КДБ цікавяць справы на маіх сваякоў яшчэ з 1920 года! Якая можа быць у іх сакрэтная інфармацыя?! Проста людзі не хочуць, каб мы гэтыя справы чыталі!..
Кожны рана ці позна пачынае біцца галавой аб гэту сцяну — таму трэба мяняць сістэму. Усе справы да 1941 года павінны быць перададзеныя ў агульнадаступныя архівы. Мы будзем дамагацца распрацоўкі новага закона аб архіўнай дзейнасці», — кажа Дрозд.
Дзмітрый Дрозд.
У прыклад Зміцер прыводзіць віленскі архіў КДБ — Асобы архіў Літвы. Ён знаходзіцца ў тым жа будынку, дзе і літоўскія спецслужбы:
«Ніхто не спытаў, куды я іду, ніякіх дакументаў не спыталі. Намесніца дырэктара сустрэла ледзьве не абдымкамі: «Я даўно чакаю, калі да мяне прыйдуць беларусы!» У архіве захоўваюцца дакументы 1939-1991 гадоў, і там зусім няма сакрэтных спраў. Даюць нават асабістыя справы на любога супрацоўніка КДБ. Мы павінны рухацца да таго ж».
Для спробы ў віленскім архіве Зміцер замовіў справы Міхала Вітушкі і Клаўдзія Дуж-Душэўскага:
«Там, часопісы, лісты — усё, што канфіскавалі. Тысячы аркушаў! Я ўяўляю, што ў нас ляжаць на кожнага падследчага такія ж тоўстыя справы… Гэта ж і рукапісы, і чарнавікі! Колькі нам адкрыецца пра пісьменнікаў 30-х гадоў!»
Зміцер Дрозд з калегамі з «Беларускага дакументацыйнага цэнтра» стварае базу дадзеных па сучасных рэпрэсіях: яны збіраюць, адлічбоўваюць і захоўваюць дакументы. Але з нядаўняга часу цэнтр стаў кіравацца і ў архіўную дзейнасць, займацца гісторыяй рэпрэсій:
«Мы хочам ператварыцца ў сучасны, усім даступны архіў. Ужо стварылі пошукавік — адзіную сістэму пошуку рэпрэсаваных ва ўсіх базах у інтэрнэце: проста ўводзіце прозвішча — і атрымліваеце вынік.
Паспрабуем таксама супрацоўнічаць з літоўскім архівам, украінскімі архівамі — шукаць там інфармацыю пра беларусаў, — кажа Дрозд. —
Але глабальная наша мэта — змяніць сістэму, паспрабаваць дамагчыся, каб нашы архівы адкрылі.
Мы хочам зрабіць сістэму больш чалавечнай: каб архівы спецслужбаў былі перададзеныя ў агульнадаступныя архівы, а агульнадаступныя архівы дазволілі людзям як мінімум фатаграфаваць, працаваць больш па-еўрапейску.
Бо Беларусь застаецца апошняй краінай, дзе не дазваляюць фатаграфаваць у архівах. Ва ўсіх суседзяў ужо дазваляюць, нават у Расіі! Гэта проста неверагодна. Гэта, здаецца, дробязь, якая настолькі, тым не менш, тармозіць гістарычную навуку ў Беларусі! Людзі сядзяць і многія проста ад рукі перапісваюць гэтыя дакументы. Вечна чарга ў архіве… А наколькі гэта палепшыць якасць нашых даследаванняў! Замест таго, каб пладзіць памылкі: я няправільна прачытаў і даў у сваёй кнізе няправільную цытату — проста сфатаграфаваў, размясціў прыгожа ў кнізе арыгінальны фотаздымак.
Тут праблема ў тым, што беларускія архівы — планавая гаспадарка. У іх ёсць планы па апрацоўцы запытаў, па аб’ёмах замоўленых сканаў. Калі людзі будуць фатаграфаваць, то архівы страцяць заробак за сканаванне», — тлумачыць Дрозд. —
Але архівы павінны цалкам працаваць за дзяржаўныя датацыі, бо гэта — здабытак народа! Яны не мусяць зарабляць грошы. Яны мусяць выконваць запыты, але не мусяць зарабляць для дзяржавы, хіба для сябе».
Дзе шукаць, куды пісаць. Як шукаць інфармацыю пра рэпрэсаваных: парады Змітра Дразда
- 1. Інтэрнэт: з гэтага варта пачынаць. Дрозд раіць найперш сайт «Мемарыял», які дапамог яму самому.
- Кніга «Памяць» па сваім горадзе або раёне. У некаторых выпусках змешчана інфармацыя пра рэпрэсаваных, прычым часам тая, якой не валодае і сям’я пацярпелага. Людміла, удзельніца Школы пошуку інфармацыі пра рэпрэсаваных, расказала, што год нараджэння рэпрэсаванага дзеда выпадкова даведалася з кнігі «Памяць» па Жыткавіцкім раёне.
- Архівы. Звесткі пра раскулачаных на тэрыторыі Беларусі можна знайсці ў Нацыянальным архіве РБ і ў абласных архівах. У многіх з іх ёсць базы дадзеных па рэпрэсаваных, раскулачаных, вывезеных у Германію… Таму звяртайцеся да спецыялістаў у чытальнай зале, яны дапамогуць знайсці патрэбную інфармацыю.
Напрыклад, у Нацыянальным архіве (ён знаходзіцца ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі) ёсць электронная база дадзеных «Неабгрунтавана рэпрэсаваныя грамадзяне Беларусі». Можна напісаць запыт, і супрацоўнікі архіва пашукаюць, ці ёсць гэты чалавек у базе. Пры станоўчым выніку вы атрымаеце інфармацыю пра месца пражывання, узрост, адукацыю і іншыя звесткі пра сваіх родных.
Імя ў базе могуць і не знайсці, але гэта не значыць, што чалавек не быў рэпрэсаваны ці пра яго не засталося звестак — а проста КДБ перадаў архіву толькі частку дадзеных. Магчыма, звесткі пра вашага сваяка не былі перададзеныя.
Калі прозвішча ў базе рэпрэсаваных не знайшлі, пашукайце фонды, датычныя вашай мясцовасці: сельсавета, райвыканкама і г.д. Часта ў іх захоўваюцца якраз патрэбныя дакументы: спісы людзей, абкладзеных індывідуальным падаткам, пазбаўленых выбарчых правоў, раскулачаных. Таксама можна знайсці скаргі на несправядлівае абыходжанне.
Больш падрабязна даведацца пра лёс раскулачаных, а таксама атрымаць звесткі пра арыштаваных і асуджаных магчыма праз запыты ў МУС і КДБ.
4. Дзяржорганы. Калі вы шукаеце інфармацыю пра раскулачаных, трэба пісаць звароты ў інфармацыйныя цэнтры Міністэрства ўнутраных спраў. Калі вашых сваякоў асудзілі па артыкуле, то інфармацыяй пра іх валодае КДБ. Калі ў сям’і не памятаюць абвінавачанне, адпраўляйце звароты (электронныя ці папяровыя) ва ўсе органы. І аднекуль урэшце атрымаеце адказ.
Пачынаць можна з беларускіх КДБ і інфармацыйнага цэнтра МУС. Калі там не знойдзецца матэрыялаў пра вашых сваякоў, можна напісаць у органы краіны, куды сваякі маглі быць высланыя. Найперш, у Расію: у ФСБ і інфармацыйны цэнтр МУС. Увогуле, калі вы шукаеце высланых (няважна, раскулачаных ці асуджаных), лепш адпраўляць адразу два звароты: адзін туды, адкуль быў высланы чалавек, другі туды, куды ён трапіў у высылку.
«Не трэба баяцца азадачыць чыноўнікаў, знайсці неабходныя звесткі — іхняя праца», — папярэджвае Зміцер Дрозд. Не ведаючы, куды выслалі яго сваякоў, ён адправіў запыты ў беларускія МУС і КДБ, а атрымаўшы адмоўныя адказы, рашыў пісаць па месцы высылкі. Але месца было невядомае, і даследчык адправіў аднатыпныя запыты ў інфармацыйныя цэнтры МУС 20 усходніх і паўночных абласцей Расіі. І пасля 19 адмоўных адказаў нарэшце атрымаў станоўчы: справа сваякоў была знойдзеная ў Архангельску. Адтуль Дразду даслалі падрабязную даведку пра высланых.
Калі рэгіён высылкі стане ясны, можна напісаць таксама ў тамтэйшы абласны архіў і архіў ЗАГС, дзе маглі захавацца запісы пра смерць вашых родных. «Савецкая сістэма была вельмі бюракратычнай: без паперкі чалавек не мог памерці», — кажа Дрозд.
У кожным запыце ў дзяржорган вам неабходна: 1) выкласці ўсю наяўную інфармацыю пра чалавека, якога вы шукаеце; 2) патлумачыць, якія роднасныя сувязі звязваюць вас з рэпрэсаваным — даведка надаецца толькі сваяку; 3) папрасіць копіі наяўных дакументаў — лепш прасіць пра гэта адразу ж, у першым лісце.
Адрасы і кантакты ўсіх падраздзяленняў МУС, КДБ, ФСБ ёсць у інтэрнэце.
Зміцер Дрозд прапануе сваю дапамогу і кансультацыі ў фэйсбуку, па электроннай пошце [email protected] і па тэлефоне + 375 29 670 29 23.





