Фота intex-press.by.

Фота intex-press.by.

Пракуратура Брэсцкай вобласці аднавіла крымінальную справу па факце суіцыду баранавіцкага дзевяцікласніка. Пра гэта гаворыцца ў лісце ад 22 траўня, які атрымала маці загінулага падлетка. Крымінальную справу накіравалі для далейшага папярэдняга расследавання ва ўпраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці. Гэта справа аб давядзенні да самазабойства.

Як піша Intex-press, справу аднавілі, бо маці хлопца атрымала фотаздымкі, якія могуць быць доказамі здзекаў з яе сына. Жанчына распавяла, што ў студзені гэтыя фота ёй даслала незнаёмая дзяўчына — на здымках падлетак прывязаны да дрэва, а побач стаіць нейкі іншы хлопец.

Дзевяцікласнік Улад, вучань баранавіцкай школы, скончыў жыццё самагубствам у сябе дома 22 снежня 2016 года. Падлетак пераехаў у райцэнтр з Мінска і не знайшоў паразумення з аднагодкамі. Ён прасіў перавесці яго ў іншую школу. Незадоўга да самазабойства яго выклікалі на савет прафілактыкі ў школу з нагоды бойкі з аднакласнікам. На Улада ціснулі і пагражалі калоніяй.

У лютым камісія аддзелу адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама знайшла парушэнні ў працы школы па арганізацыі прафілактыкі сярод непаўналетніх. Да супрацоўнікаў, адказных за гэтыя парушэнні, прымененыя меры дысцыплінарнай адказнасці.

Маці загінулага падлетка звярталася ў генпракуратуру і ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай дапамагчы ў расследаванні справы. У сакавіку расследаванне спынілі «ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства». Тады жанчына абскардзіла гэтую пастанову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0