Непрыемны інцыдэнт здарыўся 3 чэрвеня падчас матчу 11 тура чэмпіянату Беларусі па футболе паміж «Гомелем» і «Нёманам». Легіянер гродзенскай каманды, грузін Гіоргі Кантарыя пасля сутыкнення з іншым футбалістам няўдала прызямліўся на газон і атрымаў пералом ключыцы правай рукі.
Інцыдэнт здарыўся на 22-й хвіліне матчу. Футбаліста агледзіў дзяжурны траўматолаг Гомельскай абласной лякарні, на правае плячо Кантарыі наклалі гіпсавую павязку Дэзо. Пра тэрміны аднаўлення футбаліста не паведамляецца, піша football.by. Матч «Гомель» — «Нёман» скончыўся з лікам 2:2.
3 чэрвеня прайшлі таксама іншыя матчы 11-га тура: «Іслач» — «Слуцк» — 1:2, «Гарадзея» — «Крумкачы» — 1:1.
Сёння тур завяршыцца наступнымі гульнямі: «Мінск» — «Тарпеда-БелАЗ», «Славія» — «Дынама» (Мінск), «Шахцёр» — «Віцебск», «Дынама» (Брэст) — «Нафтан», БАТЭ — «Дняпро».





