Чаму Расія прыкметна моршчылася у часы першага паслясавецкага прэзідэнта Украіны Краўчука? Таму што пачало падымаць галаву ўкраінства. Заявіла аб сабе тое, што савецкая прапаганда з Другой сусветнай вайны называла бандэраўшчынай. На слыху быў галоўны бандэравец Чарнавол з яго людзьмі. Яны шумелі, грубіянілі саўку ў галовах большасці насельніцтва Украіны, спрабавалі зацвердзіцца як галоўная сіла ў краіне. Расія перажыла б самую поўную незалежнасць Украіны, калі б тая збіралася заставацца ў такой жа меры рускамоўнай і суржыкавай, як у СССР. Больш за тое, абвясьці Украіна канчатковае абрусенне сваёй нацыянальнай мэтай, Расія перажыла б самую панадлівую яе дэмакратыю. Розумам гэта не да канца разумеюць нават першыя асобы Расеі, не кажучы аб астатніх, але ў падкорцы ў іх менавіта такая Украіна. Што транслююць насельніцтву Расіі крамлёўскія ТБ, радыё, газеты? Кажуць яны: глядзіце, людзі, што робяць гэтыя ўкраінцы па гаспадарчай частцы, нас не пытаючыся? Не, з году ў год упор на іншае: глядзіце, людзі, як настойліва гэтыя ўкраінцы ад нас адсоўваюцца - дайшлі да таго, што хочуць, каб усё ў іх там было па-ўкраінску. Нацыяналісты, адным словам, бандэраўцы. Гэта значыць здраднікі.

Чаму ельцынская Расея амаль прыязна ставілася да Украіны ў гады прэзідэнцтва Кучмы? Той улавіў, што трэба Расіі для поўнага шчасця. Для поўнага шчасця Расіі трэба адно: каб ва Украіне ўсё больш заўважна пераважала рускасць. Ну, і казённая балбатня Кіева пра вечнае братэрства. Вось і лады, вырашыў Кучма. Чым бы Масква ні цешылася, абы не руйнавалі нас сваім газам. Калі вам падабаецца, каб мы мелі тое і тое з рускай мовы на нашых абшарах, мы не супраць, атрымлівайце сваю цацку!

Пры гэтым у Кучмы пад рукой заўсёды быў бандэравец. Калі яму, Кучму, было трэба, ён казаў Ельцыну: «Ды я б, ты ж разумееш, Барыс Мікалаевіч, рады быў бы пайсці яшчэ далей, дык жа гэтыя галічане, баюся, падымуць хай, а то і за калы схопяцца». Ён разлічваў на час - на тое, што, паступова мацуючыся эканамічна, Украіна будзе даваць усё больш волі ўкраінству. Трэці прэзідэнт, Юшчанка, паклаў канец гэтай гульні. Украінства заявіла пра сябе ўсур'ёз. Гэтага палітыка ворагам Расіі ў яе вачах зрабіла яго хатняя ўкраінская мова. Мова і толькі мова - не ахвоці якая, але ўкраінская хатняя. Усё астатняе дробязі. Калі б Юшчанка прамаўляў непрыемныя для Масквы прамовы на хатняй рускай мове, яна і вухам бы не павяла.

Чаму Расія ўклала вялікія грошы ў выбарчую кампанію Януковіча? Таму што яго хатняй мовай быў данецка-рускі блатняк. Блатняк, але рускі. Чаму Расея прыняла заляцанні Цімашэнкі пасля паразы Януковіча? Таму што яе хатняй мовай была хай днепрапятроўская, але руская. Чаму Маскву натхніла спроба Юліі зладзіць тандэм з Януковічам, каб удвох валодаць Украінай аж да сканчэння сваіх зямных тэрмінаў ці пакуль не падрастуць спадкаемцы? Таму што гэта быў бы тандэм хатніх рускіх моў з перавагай блатнога.

У рэшце рэшт Януковіч такі перамог Юшчанку. Украіна не паспела азірнуцца, як зрабілася чымсьці каламутным амаль у складзе Расіі. Грамадзяне Расіі з'явіліся на многіх ключавых пасадах у Кіеве і абласцях. Служба бяспекі Украіны стала зладзейскім падраздзяленнем пуцінскай гэбухі. Калі і заставаліся нейкія ўкраінскія сакрэты, дык выключна прыватныя грашовыя. Кожны чыноўнік меў сваю цану, свабодна прадаваўся і купляўся. «Навошта нам Крым? Нам патрэбна ўся Украіна», - абвесціў калісьці адзін значны думец. І сапраўды: Расіі пры наяўнасці Януковіча не патрэбен быў Крым - яна мела ўсю Украіну. Моўны закон Ківалава - Калеснічэнкі, які паставіў крыж на ўкраінстве, быў рускаму сэрцу даражэйшы за ўсе міждзяржаўныя дамовы. Цяпер можна было цалкам засяродзіцца на самай прыемным: на схемах крадзяжоў і адкату. Вялікія ўкраінскія грошы і вялікія рускія ніколі да гэтага так вольна не гаварылі на адной мове - на мове рускай братвы.

Майдан-2 з'явіўся ўдарам і для Пуціна, і для Януковіча з іх людзьмі, але для Пуціна і кампаніі - больш моцным, нягледзячы на тое, што данецкія маглі страціць сваю сетку, ужо накінутую на ўсю краіну. Данецкія - народ просты. Яму што трэба? Каб ішло бабло - больш, яшчэ больш! Крамлёўскім жа, тым, акрамя бабла, патрабуецца сёе-тое яшчэ, а менавіта: каб «жыла страна родная», а якое можа быць у яе жыццё, калі Украіна стане Украінай не на паперы, а на справе?! Небяспеку яны адчулі раней і вастрэй за Януковіча, таму што перамога Майдана-2 азначала б пачатак канца «Рускага свету», якім яны яго бачылі ў сваіх марах. У барыг таксама могуць быць не зусім нізкія мэты. Вось чаму Пуцін адразу ўзяў гэтую справу ў свае рукі і стаў змагацца з украінскім Майданам як са сваім родным, рускім. Былі пакліканыя людзі, не толькі абавязаныя, але і здольныя страляць. І ўсё ўдалося б, калі б Майдан-2 спалохаўся і калі б не жменька людзей, нібы створаных для аргработы ў такім становішчы.

Захаванне і развіццё Украіны як найважнейшай часткі «Рускага свету» было і будзе задачай усіх рускіх задач. Расія жыве з перакананьнем, што без расійскай Украіны яна - не яна. Расеі няма без Кіева, без «гэтага прашчура рускіх гарадоў». Што тут яшчэ тлумачыць? Чаму той жа Хадаркоўскі выходзіць з сябе ў нападках на Украіну? Паклёпнічае на яе, грубіяніць так, нібы быў на зоне зусім не палітычным. Ён бачыць сябе на чале Расіі, а навошта яна яму не ўся? Не для таго ён столькі пакутаваў, каб атрымаць нейкі абрубак. А вы ўсё: нафту, газ. Без іх лішку Расія можа абысціся. А вось без украінскага сяржанта… Без ўкраінскага сяржанта няма рускага войска. Без украінскага чынушы няма рускай бюракратыі. Без украінскага папа няма рускага праваслаўя. Без украінскага абразаванца няма рускай абразаваншчыны. На самай справе ўсё гэта можа быць і без украінца, але рускі чалавек думае, што - не, не можа быць. Гэтага стану рускай душы не разумее, ці не адчувае Захад, таму што ён жыве ўжо ў іншай эпосе.

У Расіі, карацей, ёсць толькі адзін вораг, пры думцы пра якога яна сумуе сапраўды смяротна. Гэта не ЗША, не Захад у цэлым, не Кітай. Гэта - ўкраінская мова.

* * *

Анатоль Стрэляны
пісьменнік, публіцыст, супрацоўнік расійскай службы радыё «Свабода».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?