Сяргей Помазаў і міліцыянт, які прыйшоў да яго ў дом

Сяргей Помазаў і міліцыянт, які прыйшоў да яго ў дом

Тэлефанаванне Еўрарадыё застае Сяргея Помазава за ноўтбукам. «Чытаю каментарыі», - прызнаецца 47-гадовы будаўнік, які 5 чэрвеня стаў зоркай інтэрнэта. А пачалося ўсё позна ўвечары 3 чэрвеня, калі на парозе дома Сяргея ў вёсцы Пыхань пад Гомелем раптам з'явіліся двое міліцыянтаў. Маўляў, дзверы былі прачыненыя, і яны вырашылі праверыць, ці ўсё ў парадку.

«Мне 47 гадоў. Мне сорамна баяцца»

Адзін з тых, хто правяраў - падпалкоўнік Аляксандр Кошман, в.а. начальніка міліцыі горада Ветка. У паведамленні, якое пазней апублікуе сайт УУС Гомельскага аблвыканкама, гаворыцца, што ў Пыхані шукалі дачнага злодзея, а Кошман «браў асабісты ўдзел у арганізацыі работы начных пошукавых груп». Але на відэа міліцыянт гэтага не тлумачыць, а проста 10 хвілін патрабуе ад Сяргея Помазава паказаць дакументы. А Сяргей абураецца тым, што міліцыя без прычыны зайшла да яго ў дом, і даказвае, што не павінен нікому нічога паказваць.

У выніку міліцыянты сыходзяць ні з чым, абяцаючы вярнуцца. Пытаюся, ці не баіцца Сяргей за сваю будучыню. «Мне 47 гадоў. Мне сорамна баяцца. Я выказваю свой пункт гледжання. Не настойваю, нікому нічога не навязваю, ні вам, ні камусьці там, - адказвае Помазаў. - Амаль чвэрць стагоддзя таму я казаў: «Людзі, апамятайцеся, каго вы выбіраеце! Гэта адгукнецца!» І 15, і 10 гадоў таму казаў тое, што сёння на мітынгах кажуць. Я ніводнага мітынгу, ніводнага суда не прапусціў!»

«Калі мае правы парушаюцца, трываць не буду»

У каментарыях да «Начнога дазору» (так называецца відэа, якое Сяргей Помазаў апублікаваў на Youtube) людзі сумняваюцца ў яго адэкватнасці. І, разам з тым, дзівяцца таму, наколькі ён «падкаваны» ў плане сваіх правоў. «Я не п'ю - уся вёска ведае, - распавядае мужчына. - Разумееце, мяне ж тады толькі разбудзілі [на відэа трапіла мікрахвалёўка, гадзінннік на якой паказвае 23:41]. Я з прасоння… А так, я прынцыповы чалавек . Калі мае правы парушаюцца, трываць не буду. І ўсім раю хадзіць з ноўтбукам і кодэксам пад пахай».

Да размовы з міліцыяй Сяргея Помазава падрыхтаваў сябар-юрыст. Навошта гэта спатрэбілася? Больш за год Помазаў спрабуе прыцягнуць да адказу супрацоўнікаў «Стралы», канфлікт з якімі здарыўся ў красавіку 2016 года і таксама трапіў на відэа. Паводле яго слоў, машына спецпадраздзялення ДАІ без падстаў заехала да яго ў двор. Людзі ў форме запатрабавалі прад'явіць дакументы, а калі Помазаў выклікаў міліцыю, рэтыраваліся, не складаючы пратаколаў.

Аляксандр Кошман ў доме Сяргея Помазава

Аляксандр Кошман ў доме Сяргея Помазава

Скаргі ў міліцыю і ДАІ ні да чаго не прывялі. Хіба што, па звестках Помазава, быў звольнены супрацоўнік Веткаўскага РАУС, які са спазненнем адказваў на яго запыты. «Тармазіў» з паперамі і сам Сяргей: увесь мінулы год ён правёў у Расіі — «будаваў стадыёны да чэмпіянату свету па футболе» — і часу на юрыдычныя фармальнасці амаль не было. Нарэшце, непрымірымы барацьбіт за свае правы звярнуўся ў пракуратуру — ён усё ж спадзяецца сустрэцца са сваімі крыўдзіцелямі ў судзе.

«Скажыце вашым мужам, што на поўдзень вы ў гэтым годзе не паедзеце»

Вёска Пыхань, у якой жыве Сяргей Помазаў, у курсе ўсёй сітуацыі. Людзі падтрымліваюць яго. 

«Мы гэта ўсё чулі, бачылі на Youtube,- распавядаюць Еўрарадыё ў мясцовай школе. - Ведаеце, гэта беззаконне. І гэты ў міліцыі часта такое - прыехалі і проста зайшлі. Як гэта - проста зайшлі? Тут жа шмат дамоў. Чаму ў іншы дом не заходзіце? Чаму менавіта да яго?».

Сяргей, у сваю чаргу, спрабуе быць карысным для людзей. Паводле яго слоў, адна з вечных тэм для размовы з мясцовымі чыноўнікамі - рамонт дарог у Пыхані: «Іду і ў камітэт, і ў ДРБУ. Кажу ім: «Скажыце вашым мужам, што на поўдзень вы ў гэтым годзе не паедзеце, і новы аўтамабіль не купіце, таму што дарогу трэба будаваць». Чаму чвэрць стагоддзя рамантуецца дарога? Прыедуць, латку пакладуць - і нарад закрываюць. Зрабілі працы на рубель, а нарад зачынілі на мільён».

Ці звязана ўсё гэта з начным візітам міліцыянтаў? Сяргей Помазаў не бярэцца рабіць высновы. 5 чэрвеня ён размаўляў з падпалкоўнікам Кошманам - размова была, як быццам нічога і не адбылося. «У міліцыі ёсць розныя людзі. Ёсць злыя, а ёсць вельмі шмат нармальных. Але мая думка - нармальных адтуль выжываюць», - кажа Помазаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?