Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб адмене гандлёвых дамоўленасьцяў паміж ЗША і Кубай, дасягнутых ягонам папярэднікам Баракам Абамам.

Падчас выступу ў штаце Флёрыда Трамп абвясьціў аб намеры перагледзець дамоўленасьці, каб «зрабіць іх значна лепшымі і для народу Кубы, і для ЗША».

«Я адмяняю абсалютна аднабаковае пагадненне папярэдняй адміністрацыі з Кубай», — сказаў ён.

Захады Трампа прадугледжваюць таксама абмежаваньне на паездкі на Кубу для амэрыканцаў і забарону на вядзеньне бізнэсу з кубінскім вайсковым канглямэратам GAESA, які, як мяркуецца, кантралюе больш за палову кубінскай эканомікі.

Трамп таксама хоча абмежаваць грашовыя плыні з ЗША на Кубу і забясьпечыць строгае захаваньне існуючай забароны на турызм, паклаўшы канец індывідуальным паездкам. Такім чынам, ад гэтага часу амэрыканцы змогуць наведваць востраў толькі ў складзе групы.

Аднак, сёе-тое зьменаў не зазнае.

Так, не плянуецца ўводзіць новыя правілы для спыненьня існуючых дзелавых кантактаў, што павінна супакоіць амэрыканцаў, якія апошнім часам укладвалі сур'ёзныя сумы ў супрацоўніцтва з Кубай. «Ня будзе ніякіх зьменаў у правілах легальнага ўвозу такіх папулярных тавараў, як ром і цыгары», — патлумачылі ў Белым доме.

Дональд Трамп адзначыў, што пасольства ЗША на Кубе працягне працу. Таксама ён не плянуе адмяняць паветраныя і марскія зносіны з гэтай краінай.

Трамп заявіў, што ЗША ня здымуць санкцыяў з Кубы, пакуль у краіне ня вызваляць усіх палітвязьняў.

ЗША ўвялі эмбарга супраць Кубы ў 1960 годзе, праз два гады пасьля таго, як рэвалюцыянэр-камуніст Фідэль Кастра зрынуў дыктатара Батысту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?