Каментар па фатаграфіях здзекаў з 15-гадовага баранавіцкага школьніка, які скончыў жыццё самагубствам, далі ва Упраўленні Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці.

Па версіі следства, хлопец на фота з заматаным футболкай тварам - блізкі сябар загінулага Улада. Аднак знаёмыя хлопца сцвярджаюць, што было яшчэ і відэа, звязанае з гэтымі фатаграфіямі. І на відэа, па іх словах, Улада збівалі не жартам.

Як паведамілі Intex-press ва УСК па Брэсцкай вобласці, хлопцы, якія фігуруюць на фота, «былі блізкімі сябрамі» загінулага падлетка, жылі з ім у адным раёне. Аднакласнікаў сярод іх не было.

«У той момант, з іх словаў, яны вырашылі «пажартаваць» са знаёмых дзяўчат, якія праходзілі побач. Для гэтага 15-гадовы школьнік зымітаваў, што нібыта ён прывязаны да дрэва, а на самай справе толькі хаваў свае рукі за ствалом. Іншы хлопец іграў ролю «агрэсара», абматаўшы галаву зялёнай майкай, і рабіў выгляд, што наносіць ўдары. Калі дзяўчаты гэта ўбачылі, то пачалі крычаць і патрабаваць, каб хлопцы спынілі свае дзеянні. Пасля таго, як «збіты» падняўся і пачаў смяяцца, яны, згодна з іх сведчаннямі, зразумелі, што тыя прыкідваліся. Усё, што адбывалася, кампанія захавала з дапамогай тэлефона», — паведамляецца ў прэс-рэлізе СК.

Таксама, паводле звестак Следчага камітэта, былі выяўленыя аналагічныя фатаграфіі, створаныя праз некалькі тыдняў пасля гэтага. «На іх 15-гадовы падлетак, які раней знаходзіўся каля бярозы, ужо сам імітаваў, са слоў сяброў, прымяненне сілы ў дачыненні да былога «крыўдзіцеля». Таксама на адным з тэлефонаў маюцца фота, дзе гэтыя ж падлеткі усміхаюцца, абдымаючы па-сяброўску адзін аднаго за плечы», — паведамляе СК.

Ніякія з гэтых фота следства грамадскасці не прадаставіла.

Таццяна, мама 15-гадовага баранавіцкага школьніка, які скончыў жыцьцё самагубствам, з пазіцыяй Следчага камітэта не згодная.

— Гэта трызненне. На здымках відаць, што маё дзіця плача. Ды і шмат людзей кажуць, што гэта была не гульня. Так разыгрываць дзяўчынак - вельмі па-дурному. Іх можна было і па-іншаму разыграць, а не прывязваць да дрэва і збіваць. Усё робіцца для таго, каб у чарговы раз замяць гэтую справу, — кажа Таццяна.

Сябры загінулага падлетка, з якімі звязалася Intex-press, фатаграфіі бачылі, але не ведаюць, хто на іх.

У групе Вконтакте Intex-press напісалі, што было відэа, на якім Улада білі некалькі чалавек, у тым ліку і палкамі, і яно не было падобна на пастаноўку.

Карэспандэнт Intex-press сустрэлася з двума хлопцамі, якія глядзелі гэта відэа.

Вадзіму і Яўгену — па 18 гадоў, абодва былі знаёмыя з Уладам павярхоўна — бачыліся два-тры разы.

— У кампаніі Улад паводзіў сябе спакойна і культурна. Ён быў добрым і вясёлым хлопцам, — кажа Вадзім.

Хлопцы распавялі, што ўзімку, пасля гібелі Улада, калі яны шпацыравалі кампаніяй у цэнтры горада, сустрэлі яшчэ адну кампанію, і хтосьці з моладзі паказаў у тэлефоне відэа, дзе Улада збіваюць.

— Гэтыя фота — або скрыншоты з відэа, ці проста зробленыя ў адзін момант. Відэа доўжылася паўтары-дзве хвіліны. На ім Улад плакаў і прасіў, каб яго не білі. Гэта не глядзелася як прыкол, — запэўнівае Вадзім.

Хлопцы кажуць, што на відэа Улад быў прывязаны да дрэва, побач стаялі трое хлопцаў, усе з тварамі, закрытымі футболкамі, — адзін жоўтай, другі зялёнай і трэці чырвонай. Хлопцы з зялёнай і чырвонай футболкамі білі Улада нагамі, рукамі і палкамі. Трэці проста стаяў побач. На заднім плане быў чутны смех яшчэ некалькіх чалавек.

Па словах Вадзіма, на відэа было відаць, што рукі Улада прывязаныя да дрэва.

— Улад плакаў і прасіў яго адпусціць. На відэа гаварыў толькі Улад. Іншых галасоў не было. Астатнія моўчкі яго білі і смяяліся, — распавядае Вадзім.

Тады, зімой, у цэнтры горада ў кампаніі Вадзіма і Яўгена было каля 15 чалавек. Усе яны, па словах хлопцаў, гэта відэа глядзелі.

— Яно было апублікавана Укантакце і «вісела» ў перасланых паведамленнях. Мы спрабавалі знайсці тых, хто на відэа збівае Улада, але не змаглі, — кажа Вадзім.

На думку хлопцаў, узрост хлопцаў з відэа — каля 16 гадоў. Татуіровак або радзімак, якія б кінуліся ў вочы, у іх не было.

Аднак Вадзім і Яўген не памятаюць, хто менавіта паказваў гэта відэа. Знайсці відэаролік у інтэрнэце Intex-press не ўдалося. Ці ўдалося гэта зрабіць следству, невядома.

Ва УСК па Брэсцкай вобласці Intex-press паведамілі, што расследаванне працягваецца.

Дзевяцікласнік баранавіцкай школы скончыў жыццё самагубствам у сябе дома 22 снежня 2016 года. Адносіны ў класе ў падлетка, які пераехаў з Мінска, па словах мамы і знаёмых хлопчыка, не склаліся, ён прасіў перавесці яго з гэтай школы. Незадоўга да самагубства падлетка разам з мамай выклікалі ў школу на раду прафілактыкі з-за бойкі з аднакласнікам. Па словах мамы загінулага хлопчыка, на радзе прафілактыкі адміністрацыя школы ціснула на яе дзіця і пагражала калоніяй. Сын моцна перажываў тое, што адбываецца.

УСК па Брэсцкай вобласці распачало крымінальную справу па артыкуле «Давядзенне да самагубства». З восені 2016 года крымінальная справа абавязкова ўзбуджаецца ў выпадку самагубства непаўналетняга: гэта дае следству больш магчымасцяў правесці праверку.

Мама загінулага падлетка ў сваю чаргу звярнулася ў генпракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай аб дапамозе ў расследаванні справы, «каб вінаватыя панеслі пакаранне». У сакавіку расследаванне па факце суіцыду баранавіцкага падлетка спынілі «ў сувязі з адсутнасцю ў чыіх-небудзь дзеяннях складу злачынства». Маці загінулага падлетка абскардзіла гэтую пастанову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0