Атрыманне Мінскам пятага-сёмага траншаў крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на агульную суму 900 млн даляраў будзе магчымае пры выкананні адкарэктаваных умоў, «скіраваных на павышэнне эфектыўнасці кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі». У часопісе Мінфіна «Фінансы. Улік. Аўдыт» пералічаныя некаторыя з дадатковых патрабаванняў.

У прыватнасці, ЕФСР патрабуе ўдасканалення метадаў карпаратыўнага кіравання ў 17 акцыянерных таварыствах (у тым ліку размова ідзе пра ўзмацненне складу назіральнай рады незалежнымі дырэктарамі), аптымізацыі дзяржуласнасці на рэспубліканскім узроўні праз перадачу ў камунальную ўласнасць не менш за 45 дзяржпрадпрыемстваў, а таксама дзярждолі акцый асобных ААТ на біржы.

Ва ўмовы шостага траншу уключаны новы кантрольны паказчык па распрацоўцы і ўкараненню механізмаў сацыяльнай абароны, якія прадугледжваюць перанавучанне звольненых пры рэарганізацыі работнікаў і іх далейшае працаўладкаванне. Такім чынам эксперты разлічваюць кампенсаваць невыкананне ўмовы трэцяга траншу аб павышэнні дапамогі па беспрацоўі да бюджэту пражыткавага мінімуму.

Ва ўмовы сёмага траншу паўторна прапісалі заканадаўчае зацвярджэнне парадку прыняцця мясцовымі ўладамі рашэнняў аб перадачы ім у даверчае кіраванне камунальных прадпрыемстваў як дадатковага механізму аздараўлення фінансава няўстойлівых дзяржпрадпрыемстваў (у асноўным сельскагаспадарчых). Пры гэтым статус умовы стаў «кантрольным».

На такія карэкціроўкі ЕФСР пайшоў пасля невыканання Беларуссю умоў выдзялення трэцяга траншу. Гаворка ідзе пра тры індыкатыўныя паказчыкі — прыняцце Стратэгіі павышэння эфектыўнасці кіравання дзяржсектарам і двух загадаў прэзідэнта, аб мерах дадатковай падтрымкі некаторых катэгорый беспрацоўных і аб зацвярджэнні парадку перадачы ў даверчае кіраванне фінансава няўстойлівых прадпрыемстваў.

Канчатковы пералік дадатковых мер планавалася прадставіць на разгляд чарговай Рады Фонду, пасяджэнне якой плануецца на канец чэрвеня - ліпень бягучага года.

Прадастаўленне фінансавага крэдыту Беларусі ў памеры 2 млрд даляраў сямю траншамі на працягу 2016—2018 гадоў ухвалена Радай Фонду 25 сакавіка 2016 года. Сума першага траншу пры гэтым вызначана ў 500 млн даляраў, другога-чацвёртага - па 300 млн долараў, пятага-сёмага траншаў - па 200 млн даляраў кожны. Пакуль Беларусь атрымала тры траншы на агульную суму за 1,1 млрд даляраў. Асноўнай мэтай крэдыту з'яўляецца падтрымка праграмы рэформаў ўрада і Нацбанка, скіраванай на стварэнне ўмоў для выхаду краіны на траекторыю ўстойлівага росту праз павышэнне якасці эканамічнай палітыкі і правядзенне структурных рэформаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?