Пра выпадак напісала ў сваім фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
«Упраўленнем Следчага камітэта па г. Мінску распачата крымінальная справа па ч.1 арт.144 (Прычыненне смерці па неасцярожнасці) КК Беларусі ў дачыненні да мужчыны (індывідуальнага прадпрымальніка), які займаецца арганізацыяй роўпджампінгу.
У нядзелю, 18 чэрвеня, у пасёлку Сосны у выніку скачка з пляцоўкі трубы кацельні, размешчанай на вышыні 70 метраў, загінуў малады чалавек 1990 года нараджэння. Каля 16 гадзін роўпджампер упаў на зямлю на вачах у відавочцаў.
Следчымі праведзены агляд месца здарэння, да якога прыцягваліся спецыялісты МНС і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Прызначана судова-медыцынская экспертыза. З месца здарэння канфіскавана абсталяванне і рыштунак, якія выкарыстоўваліся для арганізацыі скачка. Дапытваюцца сведкі. Арганізатар скачка затрыманы, з ім працуюць следчыя.
фота з фэйсбука Юліі Ганчаровай
Следчы камітэт звяртае ўвагу аматараў экстрэмальных забаў, а таксама асоб, якія займаюцца іх арганізацыяй - не грэбуйце правіламі тэхнікі бяспекі, правярайце спраўнасць і якасць страховачных сістэм. Самае важнае, што ёсць у чалавека - гэта жыццё, адзначыла Юлія Ганчарова.





