Уладзімір Усціновіч здаў ЦТ па рускай мове на 100 балаў, а па беларускай - на 99. Выпрабаванне па матэматыцы мінчуку ўдалося здаць на 98 балаў, па біялогіі - на 84. Што цікава: з такімі высокімі баламі хлопец не збіраецца нікуды паступаць.

«Насамрэч, я ўжо год вучуся ва ўніверсітэце (БДУФК). Можа, гэта камусьці здасца дзіўным, з такімі баламі, але я хачу стаць добрым трэнерам», - распавёў Усціновіч у інтэрв'ю sputnik.by

Ён кажа, што вырашыў здаць ЦТ сёлета для сябе - праверыць, ці здольны. Была для здачы тэставання і іншая прычына.

«Ды і спрэчка да таго ж была з бацькамі. Казалі, што я не буду вучыцца. Я паспрачаўся на машыну, што палепшу вынік», — адзначыў суразмоўца Sputnik.

Лягчэй за ўсё яму далося ЦТ па беларускай, бо гэта родная мова Уладзіміра. Ён часта бывае ў сваёй бабулі, з якой размаўляе толькі па-беларуску.

«Рускую мову сапраўды вучыў шмат. Дзеля спрэчкі прыйшлося пахадзіць да рэпетытара цэлы год», - сказаў ён.

Пасля атрымання вынікаў па ўсіх чатырох прадметах Уладзімір дамогся свайго — даказаў і сабе, і бацькам, што можа і вучыцца, і здаваць паспяхова экзамены. Цяпер ён чакае свой прыз - аўтамабіль, бацькі ж паабяцалі.

Натхняльная гісторыя. Праўда, на наступны дзень пад артыкулам з'явіўся дадатак: «Як пазней высветлілася, высокія вынікі ЦТ не належаць герою публікацыі. Sputnik прыносіць прабачэнні чытачам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0