Герцаг і герцагіня Кембрыджскія з дзецьмі — прынцам Джорджам і прынцэсай Шарлотай — прыбылі ў Варшаву, адкуль пачынаецца іх пяцідзённая афіцыйная паездка ў Польшчу і Германію.

Трохгадовы прынц Джордж і двухгадовая прынцэса Шарлота ўжо суправаджалі бацькоў падчас іх візіту ў Канаду. Але для іх гэта першая афіцыйная паездка ў Еўропу, паведамляе ВВС.

Тут і ніжэй фота: ЕРА

«Герцаг і герцагіня вельмі чакалі гэтай паездкі і захопленыя выдатнай і разнастайнай праграмай візіту», — паведаміў прэс-сакратар Кенсінгтанскага палаца.

Для прынца Джорджа і прынцэсы Шарлоты такая паездка ў навінку, але ў будучыні для іх яны павінны стаць звыклымі.

Што тычыцца герцага і герцагіні, то іх паездка ў Польшчу і Германію будзе непазбежна разглядацца ў кантэксце «брэксіту». Гэтае турнэ ніяк не можа паўплываць на ход перамоў па выхадзе Брытаніі з ЕС. Аднак, як спадзяецца Форын-офіс, яно нагадае краінам пра цесныя сувязі, якія існуюць паміж краінамі, і неабходнасць іх захавання і пасля «брэксіту». Гэтая тая місія, якая ўскладаецца на членаў каралеўскай сям'і і якую яны выконваюць, наведваючы розныя еўрапейскія гарады.

У Канцылярыі прэзідэнта Польшчы адзначылі, што прыезд герцага і герцагіні Кембрыджскіх пацвярджае агульную павагу і сяброўства абедзьвюх дзяржаў, паведамляе Радыё Польшча.

Пасля сумеснага ланчу з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і яго жонкай, члены брытанскай каралеўскай сям'і адправіліся на кароткі шпацыр па вуліцы Кракаўскае прадмесце, адаўшы магчымасць варшавякам убачыць прынца Уільяма і прынцэсу Кейт на свае вочы.

РАР

Пасля шпацыру высокія госці адправіліся ў Музей Варшаўскага паўстання.

Увечары адбудзецца ўрачысты прыём, прысвечаны нядаўняму юбілею каралевы Вялікабрытаніі, на якім прынц Уільям выступіць з прамовай. У аўторак госці наведаюць Гданьск, а таксама музей на тэрыторыі былога нямецкага нацысцкага канцлагера «Штутгаф».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?