Праблема з доступам да чыстае і пітное вады пачала выходзіць на першыя ролі ў сусветнай палітыцы і дыпламатыі ў апошнія гады праз імклівы рост насельніцтва Зямлі, водныя «апетыты» яе эканомікі і нарастаючую змену клімату. З-за агульнага карыстання водамі або акваторыяй тых ці іншых рэк і мораў канфлікты ўзнікаюць штогод, некаторыя з іх, такія як барацьба Індыі і Пакістана вакол даліны ракі Інд, могуць у будучыні прывесці да буйнамаштабнай канвенцыйнай або нават лакальнай ядзернай вайны.

Навукоўцы вылучылі некалькі дзясяткаў патэнцыйных «гарачых кропак» пасля таго, як прааналізавалі сітуацыю вакол 1400 вадасховішчаў і дамбаў, якія яшчэ будуюцца або ўжо існуюць і перакрываюць рэкі, якія праходзяць уздоўж мяжы або праз мяжу дзвюх і больш краін.

Акрамя Індыі і Пакістана, канфлікт можа ўспыхнуць паміж Кітаем і В'етнамам за карыстанне рэсурсамі рэк Бейцзян і Сіцзян, а таксама паміж М'янмай і яе суседзямі праз пабудову дамбаў на прытоках ракі Іравадзі.

Самая небяспечная і канфліктагенная зона размешчаная на поўначы Афрыкі, у ваколіцах вытокаў Ніла і ў даліне ракі Аваш ў Эфіёпіі. Урад гэтай краіны запусціў некалькі маштабных праектаў па пабудове дамбаў у басейне Ніла, што можа моцна паўплываць на колькасць вады, якая трапляе ў Егіпет, і выклікаць вялікія канфлікты паміж Каірам і Адыс-Абебай праз пагаршэнне наступстваў засух і неўраджаяў.

Як спадзяюцца навукоўцы, палітыкі і дыпламаты звернуць увагу на сабраныя імі звесткі і выкарыстаюць іх для таго, каб прадухіліць развіццё падобных канфліктаў у будучыні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?