Альфа-Банк адкрыў у Баранавічах першы ў Беларусі фінансавы супермаркет, паведамілі БЕЛТА ў камунікацыйным агенцтве АГТ.

У адрозненне ад звычайнага банкаўскага аддзялення, многія працэсы ў фінансавым супермаркеце аўтаматызаваныя. «Фармат фінансавага супермаркета цяпер вельмі папулярны. Ён дазваляе спрасціць узаемадзеянне з банкам, робіць яго ненадакучлівым і зразумелым», — растлумачылі ў Альфа-Банку.

У новым аддзяленні прадстаўленыя найбольш папулярныя банкаўскія паслугі: замова карткі, адкрыццё ўкладаў, атрыманне крэдыту. Для наведвальнікаў кругласутачна дзейнічае зона самаабслугоўвання з персанальным доступам — адкрыць дзверы можна толькі электронным ключом. За імі знаходзяцца банкамат з трыма валютамі і тэрмінал па прыёме наяўных.

Акрамя таго, у фінансавым супермаркеце дзейнічае першы ў Беларусі картачны trade-in: наўзамен ужыванай карты любога банка тут выдаюць новы «пластык», але з больш высокім статусам. Атрымаць яго можна ў адной з трох валют (беларускія рублі, даляры ці еўра) і з бясплатным трохгадовым перыядам, на працягу якога не будзе спаганяцца камісія за карыстанне. Такая магчымасць дзейнічае для кліентаў любога банка.

Фармат фінансавага супермаркета зарадзіўся ў ЗША, пасля чаго здабыў папулярнасць у еўрапейскіх і азіяцкіх краінах. Яго адрозніваюць крокавая даступнасць, высокі ўзровень аўтаматызацыі, прымяненне прынцыпу самаабслугоўвання і шырокі выбар папулярных рашэнняў для насельніцтва. У такіх аддзяленнях большасць задач можна вырашыць з дапамогай тэрміналаў і інфакіёскаў, а спецыялісты выконваюць у першую чаргу функцыю кансультанта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0