Нямецкі мяснік Петэр Класен выпусціць на рынак напоі з мяса, паведамляе Die Welt.
dpa
Прадукт паступіць у продаж у верасні ў Германіі. Па словах Класена, ён ужо заключыў дамовы з вытворцамі ў Люксембургу, Бельгіі і Францыі.
«Мы назіраем вялікую цікавасць. Нічога падобнага яшчэ не існуе», — адзначыў мяснік, дадаўшы, што падаў заяўкі на міжнародны патэнт.
На дадзены момант Класен распрацаваў лінейку з трох смакаў: «Стэйк», «Бамбейская ялавічына» і «Каралеўская курыца». Каб прыгатаваць напой, мяса з гароднінай вараць у булёне і здрабняюць у пюрэ да кансістэнцыі какавы. Пасля гэтага вадкасць расфасоўваюць па бутэльках і стэрылізуюць.
Па словах 55-гадовага мясніка, такім чынам астуджаны напой можна захоўваць год. Ён таксама лічыць, што атрыманую субстанцыю зручна выкарыстоўваць для патрэб арміі і гуманітарнай дапамогі.
Рэцэпт Класен разам са сваім сынам Філіпам і поварам Штэфанам Кімелем распрацоўваў на працягу трох гадоў. «Будзе шмат прыхільнікаў, але гэтак жа шмат будзе праціўнікаў, якія палічаць агіднай ідэю піць мяса», — лічыць мяснік.





