Журналістка Кацярына Андрэева атрымала па пошце два адміністрацыйныя пратаколы з Цэнтральнага РУУС Менску — за стрым з акцыі пратэсту 3 ліпеня і сьвяткаваньне дня дэсантніка 29 ліпеня.

Яе вінавацяць у «парушэньнi заканадаўства аб СМІ» (ч.2 арт. 22.9 КоАП) у выглядзе супрацы з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі МЗС.

Як адзначаецца ў пратаколе за акцыю 3 ліпеня, журналістка нібыта падрыхтавала відэасюжэт для «Навінаў» на «Белсаце», хаця такой праграмы на тэлеканале не існуе, а відэасюжэт Кацярына Андрэева не рыхтавала — яна толькі вяла стрым зь мітынгу.

«У адказ на гэтыя пратаколы, на абвінавачаньні ў супрацы з замежным СМІ без акрэдытацыі мне хочацца запытаць ва ўлады: а чаму журналісты Белсату i, у прыватнасьці я, мусяць працаваць такім чынам? Можа таму, што акрэдытацыі фармальна выдае МЗС, а на самой справе кожная кандыдатура праходзіць верыфікацыю «на добранадзейнасьць» у зусім іншых структурах? У такім выпадку я толькі цешуся, што ня маю акрэдытацыі», — сказала журналістка ў каментары «Белсату».

Кацярыне Андрэевай пагражае па 50 базавых велічынь (1150 рублёў) штрафу па кожнаму з пратаколаў. Дата суду пакуль невядомая.

Журналістку не ўпершыню перасьледуюць за прафэсійную дзейнасьць. Так, 12 сакавіка Кацярына Андрэева была затрымана ў Воршы пасьля «маршу недармаедаў», з якога вяла стрым, і правяла ноч за кратамі. На наступны дзень Аршанскі гарадзкі суд прысудзіў ёй штраф у памеры 30 базавых велічыць за «непадпарадкаваньне міліцыі» і «парушэньне закону аб СМІ».

4 траўня суд Савецкага раёну Менску завочна прысудзіў журналістцы штраф у памеры 45 базавых велічынь за працу на «маршы недармаедаў» у Берасьці 5 сакавіка.

Такім чынам, гэта ўжо трэці і чацьвёрты адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя ў дачыненнi да журналісткі ў гэтым годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?