Фота greenbelarus.info.
Агульная плошча пашкоджаных караедам лясоў складае 12,4 тысячы гектараў. Гэта супастаўна з плошчай горада Віцебска. Усе сілы лясгасаў кінутыя на экстраную высечку заражаных дрэў - іншым спосабам перамагчы шкодніка немагчыма.
Масавае ссыханне хвоі ад караеда адзначанае ў паўднёвых рэгіёнах - на тэрыторыях Брэсцкай і Гомельскай абласцей, а таксама часткова ў Мінскай і Магілёўскай.
Як распавялі tut.by у прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі, цяпер усе сілы сцягнутыя на барацьбу з шкоднікам - усяго больш за 5 тысяч чалавек.
«Уся тэхніка лясгасаў перадыслакаваная ў месцы санітарнай высечкі. Напрыклад, у паўднёвы рэгіён, дзе было асабліва засушліва і хутка размножыўся жук, перакінутыя ўсе нарыхтоўчыя магутнасці з Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. Робіцца ўсё, каб не дапусціць другога вылету шкодніка [для далейшага размнажэння]», - патлумачылі ў ведамстве.
Неафіцыйна спецыялісты параўноўваюць прынятыя меры з «ваенным становішчам» у лясах. Хвоя — асноўная парода ў беларускіх лясах, яе доля складае больш за 50%. Менавіта ёй аддаюць перавагу два віды караедаў: верхавінны і шасцізубчаты.
Адзіны метад барацьбы - хуткая санітарная высечка. Практыкі прымянення хімічных сродкаў у дадзеным выпадку няма, канстатуюць у міністэрстве.
Па гэтай прычыне ў лясах уведзеная часовая забарона на планавыя вырубкі. Усе намаганні сканцэнтраваныя на санітарных.
Для гэтага са згоды прэзідэнта спрошчаная працэдура афармлення неабходнай дакументацыі для санітарных высечак у хваёвых насаджэннях. Акрамя таго, пайшлі насустрач грамадзянам, хто жадае нарыхтаваць драўніну з насаджэнняў, што ссыхаюць.
«Скарочаны тэрмін афармлення дакументаў на правядзенне высечак і знятыя абмежаванні на выбар участка ў хваёвых насаджэннях, што ссыхаюць», - дадалі ў міністэрстве.





