Хакеры ўзламалі акаўнты амерыканскага забаўляльнага тэлеканала HBO ў «Фэйсбуку» і «Твітары». Раней кампутарным зламыснікам удалося атрымаць доступ да сервераў кампаніі, паведаміла Бі-бі-сі.
За ўзломам сацсетак HBO, у тым ліку афіцыйных акаўнтаў вядомых серыялаў накшталт «Гульні тронаў», як мяркуецца, стаіць група, якая называе сябе OurMine.
У адным з паведамленняў гаворыцца «Тут пабываў OurMine. Мы толькі правяраем бяспеку вашай сістэмы».
Гэта чарговае фіяска для канала ў шэрагу хакерскіх узломаў, у выніку якіх у сеціве апынуліся сцэнары яшчэ не паказаных серый «Гульні тронаў» і канфідэнцыйныя звесткі кампаніі.
«Прывітанне, тут OurMine, і мы правяраем вашыя меры бяспекі. HBO, калі ласка, звяжыцеся з намі, каб палепшыць вашу бяспеку», - напісалі хакеры ў «Твітары» канала
Хакеры з OurMine ужо вядомыя ўзломам папулярных твітар-акаўнтаў.
Летась гэта былі мікраблогі кампаніі Netflix, аднаго з заснавальнікаў Wikipedia Джымі Вэйлса, кіраўніка Facebook Марка Цукерберга і дырэктара Google.





