У інтэрнэце з'явілася відэа, на якім серабрысты «БМВ» не саступае дарогу картэжу Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску. Яго размясціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку тэлеканал «Белсат».
«Майбах» кіраўніка дзяржавы ў суправаджэнні аўто аховы спрабуе паскорыцца на загружаным праспекце Пераможцаў, перастройваючыся ў крайнюю левую паласу перад скрыжаваннем з праспектам Машэрава. Але адзін кіроўца — ці то з няўважлівасці, ці то спецыяльна — не прапускае картэж. Ён ігнаруе сігналы машын суправаджэння і ўрэшце змушае ахову сарвацца на крык.
Заўважым, што на прэзідэнцкай машыне няма сцяжка — значыць, аўтамабіль проста пераганялі з месца на месца.
Відэа, мяркуючы па стане расліннасці на вуліцы, не зусім свежае — магчыма, веснавое.





