І яблыкі падаюць у цішыню,
і зоры злятаюць на ганак.
Ці я гэта бачу, ці я гэта сню
пад ранак?
Туман на світанні, і кроплі дажджу,
і жоўтыя пасмы на шатах,
і клёкат бусліны імкне ў вышыню
над хатай.
Расплюшчыўшы вочы, я ціха ляжу
Гадзіннік маўчыць. Зламаўся?
Не хочацца ўдзень пераходзіць мяжу,
каб жнівень даўжэй затрымаўся.





