У Беларусі плануюць увесці больш дыферэнцыраваных тарыфаў на электраэнергію, цытуе БелТА меркаванне старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча.
Так званы тарыфны сшытак, адзначыў ён, павінен быць больш аб'ёмны, ступень дыферэнцыяцыі — большай. «У чалавека павінна быць магчымасць скарыстацца льготным тарыфам на працягу сутак ці тыдня, каб выконваць энергазатратныя працы ў доме. Тое самае для прамысловых прадпрыемстваў», — лічыць Міхаіл Мясніковіч.
У Беларусі ўжо дзейнічаюць тарыфы, дыферэнцыраваныя па часе, калі энергасістэма адчувае максімальную і мінімальную нагрузку. У некаторых выпадках розніца можа дасягаць трохразовага памеру.





