Банер у Чорным Ручаі перад Падсвіллем

Банер у Чорным Ручаі перад Падсвіллем

Пайшоў у краму па каву. Дождж — як з вядра!

— Добры дзень!— кажу прадаўшчыцы, як толькі ўвайшоў у краму.

— Ды які ён добры!— пярэчыць дзяўчына.

— Нармалёвы, грыбы будуць! — усміхаюся ёй. — Вунь, учора пад вечар жонка з дачкой паехалі ў Галубіцкую пушчу. Насадзіла кожная па вядру лісічак, не сыходзячы з аднаго месца, яшчэ й па торбе ў дадатак назбіралі. І сяброўка была разам з імі, таксама — вядро і торба.

— А мядзведзі не паганялі ў пушчы?— пытае прадаўшчыца.

— А што, і ў гэтым годзе зноў некага паганялі мядзведзі?

— Маю суседку. Паехала ў Чорны Ручай1 грыбы збіраць… Чуе ­— лес трашчыць! Глянула — мядзведзь! Бразнула вёдры вобземлю і, спалохаўшыся, пабегла, мядзведзь жа сам ад страху, ламаючы сушняк, пабег у іншы бок! Сказала — больш у лес ніколі, ні нагой!

— Зноў гэты Чорны Ручай! — кажу. — Штогод жахлівыя апавяданні. Нібы весткі з фронту!

Сяброўка маёй дачкі Алена, цырульнік, прыйшла ладзіць прычоску.

— Мае бацькі з малодшай сястрой паехалі ў Чорны Ручай, на лясное возера, шашлыкі смажыць,— апавядае яна. — Пасмажылі. Накрылі паляну. А тут на пах з гушчару выходзіць мядзведзь. Ад страху схаваліся ў аўто і з жахам назіралі… Мядзведзь што не з’еў, тое надкусіў. І пайшоў.

Дажыліся! Дакаціліся! У часы Вялікага Княства Літоўскага ў гэтым Чорным Ручаі, праз які прабягае Альгердаў Шлях, глыбоцкія рэкеціры-рабаўнікі не прапускалі ніводную карэту, хай бы і каралеўскую, абіралі да ніткі! Але ў вандроўніка быў шанец застацца жывым, калі добраахвотна аддасі… А цяпер ідзеш у грыбы, як у апошні шлях! Можаш і сам патрапіць у харчовы ланцужок нейкага драпежніка ў якасці сняданку. Не з’ядуць цябе, дык абяруць дарэшты, як рыбака на рацэ Свіліца, — мядзведзю прыглянуліся яго падлешчыкі.

Тут да месца прыгадваецца адзін выпадак… Патрапіў аўтар пару гадоў таму ў палату глыбоцкай лякарні… Палата ж мужчынская! Адны буйна памешаныя, то бок паляўнічыя, іншыя дробна памешаныя, то бок рыбакі. Гаворкі за апоўнач!

— ­Мой бацька стаяў са стрэльбай у засадзе ля Празарок,— апавядаў адзін пацыент. — Сабакі пагналіся ў кукурузу за дзікамі. Толькі брэх стаіць. Паляўнічыя чакаюць, што сабакі выганяць дзікоў на іх. Раптам як захісталася кукурузнае поле, нібы яго тарнада калашмаціць… Выбягаюць чатыры мядзведзі — мядзведзіца і медзведзяняты. Нясуцца на бацьку, а ў таго і мову адняло, і ногі ад страху здранцвелі, стаіць з ружжом, як статуя. Толькі кашляе, каб мядзведзіца пачула, ды не стаптала, прабегла міма… Абышлося!

Потым, праз пару месяцаў, тэлефануе Мар’ян, другі дзед маёй унучкі, паляўнічы.

У двор Таварыства паляўнічых і рыбаловаў прывезлі ваўка, які тэрарызаваў вёску Чашкі. Забілі. Можаш схадзіць сфоткаць.

Як патлумачыў тады старшыня таварыства, жыхары Чашкоў баяліся хадзіць у лес па грыбы і ягады, і ўсяляк перахоўвалі свойскую жывёлу. Прасілі нас, паляўнічых, даць рады з ваўком. А воўк жа не такая ж дурная жывёла, што сама прыйдзе на мушку паляўнічаму. Ды й зіма бясснежная! А тут на 25 сакавіка выпаў першы снег. Выявілі сляды, зрабілі засаду, высачылі…

А ці можна верыць ва ўсе гэтыя байкі пра мядзведзяў?— пытае аўтар у старшыні.

Ёсць мядзведзі, шмат рысяў, вось і ваўка застрэлілі! І пачаў — слова ў слова — апавядаць пра той выпадак з паляўнічымі пад Празарокамі…

— Вы ж, толькі не напішыце, што мядзведзі выбеглі з кукурузы! Гэта ж быў кастрычнік! А кукурузу не ўбралі! Некаму за гэта пападзе!

Ладна, з-за даўнасці гадоў хто там будзе цяпер высвятляць — адкуль выбеглі…

***

Чорны Ручай — урочышча, лясны масіў за 9 км ад Глыбокага, даходзіць да Падсвілля. Ад Галубіцкай пушчы адрэзаны чыгункай Полацк-Маладэчна і дарогай Падсвілле-Галубічы. Па ўскрайку ляснога масіву праходзіць шаша Полацк-Вільня, пры ёй — вялікае возера Акунёва і адзін з глыбоцкіх гарадскіх пляжаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?