У планах — будаўніцтва супольна з расійскай кампаніяй «Расатам» даследчага ядзернага рэактару і Цэнтру ядзерных даследаванняў у «Соснах» — за 7 км ад Мінскай кальцавой дарогі і за 5 км ад Шабаноў.

Паводле цяперашніх планаў, трэці рэактар (першыя два — на БелАЭС) мяркуюць запусціць «у сярэдзіне наступнага дзесяцігоддзя». І калі першыя два рэактары будуць «падтрымліваць эканоміку», то трэці будзе працаваць толькі ў навуковых мэтах.

Пра пытанні бяспекі навуковага рэактару Кузьмін і іншыя чыноўнікі не казалі — толькі пра бяспеку рэактараў БелАЭС. Міністр энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк жа заявіў, што пляцоўка пад БелАЭС «сейсмічна пасіўная» (у 1990-х казалі адваротнае), што «залішкаў энергіі не бывае», а таксама што радыеактыўныя адкіды будуць захоўвацца на тэрыторыі БелАЭС першыя 10 год, пакуль будуць «астываць», а дзе далей захоўваць адкіды — яшчэ не вырашылі.

Пра пабудову ў «Соснах» ядзернага рэактару казалі прынамсі апошнія пяць год. У «Соснах» у савецкі час дзейнічаў даследчы атамны рэактар ІРТ-1000 магутнасцю да 4 МВт, у 1980-я былі створаныя мабільныя атамныя электрастанцыі «Памір», што размяшчаліся на колавых цягачах, маглі выпрацоўваць каля 1 МВт і нібыта маглі абслугоўвацца адным салдатам. Адна з установак прайшла выпрабаванні, але пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС абедзве збудаваныя ўстаноўкі «Памір» былі знішчаныя. Ад адной ва ўнутраным дворыку інстытуту пакінулі корпус рэактару.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?