president.gov.by
Павышаны ўзровень ведаў у гімназіях будзе давацца ў дзясятым і адзінаццатым класах, заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь- 1» міністр адукацыі краіны Ігар Карпенка, паведамляе Sputnik.by.
Тэма гімназій уздымалася на рэспубліканскай педагагічнай нарадзе ў чацвер: кіраўнік Мінадукацыі заклікаў перагледзець іх працу, гэта ўказвалася ў пераліку яго прапаноў па рэфармаванні сістэмы адукацыі, якую ўхваліў Аляксандр Лукашэнка.
Як распавёў Карпенка ў эфіры тэлеканала, у гімназіях у перспектыве будуць выкладаць па агульных стандартах у рамках пачатковага і базавага ўзроўняў.
«А гімназічны, павышаны ўзровень павінен быць на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі — 10-11 класы», — сказаў на заканчэнне міністр.
На думку Карпенкі, уступныя экзамены ў 5-ы клас — лішні стрэс для дзіцяці, а ў такім юным узросце паступленне ў гімназію — хутчэй «амбіцыі бацькоў», а не яго жаданне.
Таксама Карпенка заявіў аб тым, што агульнаадукацыйныя школы «маюць такое ж права на адораных вучняў».





