Як стала вядома «Беларускаму партызану» з неафіцыйных крыніц, на свабоду пасля працяглага знаходжання ў калоніі выйшаў адзін з былых лідараў крымінальнага свету Беларусі Мікалай Салдаценка, ён жа Коля Салдат.

Салдаценку затрымалі летам 2007 года ў Падмаскоўі, а ў 2009 годзе Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў яго да 11 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і адбываннем пакарання ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Па справе Салдат праходзіў як актыўны ўдзельнік вядомай Банды Марозава. Яму інкрымінаваліся арт. 285 КК (стварэнне і ўдзел у злачыннай арганізацыі). Аднак па гэтым артыкуле справы ў дачыненні да аўтарытэта спынілі ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўнасці. Сеў Коля Салдат па ч.3 арт. 208 КК — за вымагальніцтва. Разам з ім былі асуджаныя яшчэ чатыры чалавекі.

На волю 63-гадовы Салдаценка выйшаў на год раней. 

Да 1998 года Коля Салдат быў крымінальным аўтарытэтам, які курыраваў Гомельскую вобласць і, па дадзеных аператыўнікаў, узначальваў злачынную групу, якая кантралявала здзелкі сярэдняга бізнэсу, у тым ліку на рынку нафтапрадуктаў, а таксама незаконныя аперацыі на ВА «Крышталь».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0