Пераможцаў дзяржаўнага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія» 2016 года ўшаноўвалі сёння ў Полацку, перадае карэспандэнт БелТА.

Пераможцам у намінацыі «Найлепшы твор прозы» стала пісьменніца Людміла Рублеўская за раман «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата».

У намінацыі «Найлепшы твор паэзіі» перамог Анатоль Аўруцін за кнігу паэзіі «Просветление», у намінацыі «Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва» - Міхась Пазнякоў за кнігу «Возера Дзіва». Пераможцам у намінацыі «Найлепшы твор драматургіі» стаў Васіль Ткачоў за зборнік п'ес «Характары».

Аўтарам найлепшага творы публіцыстыкі журы прызнала Зіновія Прыгодзіча за зборнік «Постаці».

«Тайнапіс Андрэя Мрыя: падтэкст рэалій творчасці пісьменніка» Валерыя Назарава перамог у намінацыі «Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства». 

Перамогу ў намінацыі «Найлепшы дэбют» атрымала Маргарыта Латышкевіч са зборнікам «Яблыкi».

Усім пераможцам уручаныя дыпломы і сімвалы прэміі. Лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі павіншавалі віцэ-прэм'ер Васіль Жарко, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай культуры Ганаровая грамата Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уручаная літаратару Сяргею Давідовічу.

Усяго ўдзел у конкурсе ўзялі ўдзел 40 вядомых аўтараў. Найбольш папулярнымі сталі дзве намінацыі - «Паэзія» і «Дзіцячая літаратура». На кожную з іх было пададзена па 10 заявак.

Прэмія заснаваная ў 2015 годзе. Заснавальнікі конкурсу - Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкам і грамадскае аб'яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0