Здарэнне адбылося 5 верасня ў школе №1 у Іванцееўцы пад Масквой.
Паводле папярэдніх звестак, вучань 9А класа ўварваўся ў кабінет інфарматыкі з крыкамі «Я прыйшоў сюды здохнуць!» і загадаў школьнікам сесці на падлогу. Пасля гэтага стрэліў настаўніцы ў галаву з траўматычнага пісталета і ў столь. Пры сабе ў маладога чалавека былі таксама некалькі буйных петард і малаток.
Перад атакай ён абнавіў статус на сваёй старонцы ва «Укантакце», напісаўшы: «delete my life 05.09.17» («выдаліць маё жыццё 05.09.17»), а ў перапісцы са знаёмай паабяцаў зладзіць сюрпрыз.
Адразу пасля таго як юнак адкрыў агонь, у класе пачалася паніка, некаторыя дзеці пачалі выскокваць з вокнаў. Двое атрымалі ўдары, адна дзяўчынка зламала нагу, піша lenta.ru.
У той жа час па інфармацыі ТАСС, увайшоўшы ў кабінет, старшакласнік раскідаў дымавыя шашкі, а пасля стрэліў з пнеўматыкі. Зламысніка затрымалі.
У сваю чаргу ў пракуратуры горада Іванцееўка распавялі РБК, што падлетак ударыў настаўніцу інфарматыкі невялікай сякерай па галаве, а пасля раскідаў па класе дымавыя шашкі і пачаў страляць з пнеўматыкі.
Настаўніца з адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай і трое вучняў шпіталізаваныя. З падлеткам працуюць следчыя, якія высвятляюць матывы ўчынкаў. Паведамляецца, што ён з добрай сям'і.





