Ігар Случак. Фота Сяргея Гудзіліна.
Гісторыя не новая, узнікла яшчэ на хвалі «Савушкавага малака» і «молока». У суполцы з’явіўся пост з падрабязным апісаннем чарговага моўнага скандалу — што адкуль узялося і пры чым тут Ганна Бонд. Гарачае абмеркаванне сітуацыі ў каментарах з высвятленнем адносінаў расцягнулася аж на тры старонкі.
Прыйшоў у абмеркаванне і жыхар Рэчыцы Яраслаў Драгун, які вырашыў яшчэ падвысіць градус. Невядома толькі, ці ведаў ён, што сам стане аб’ектам нападак.
Той самы каментар, з якога ўсё і пачалося, ужо выдалены. Аднак захаваўся скрын.
У заяве ў Рэчыцкі райвыканкам Случак піша, што сваім допісам каментатар парушыў артыкул 9.22 «Парушэнне заканадаўства аб мовах» Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі, паколькі ў ім ён публічна абразіў дзяржаўную беларускую мову.
Пры канцы жніўня Ігар атрымаў афіцыйны адказ, у якім гаворыцца, што райвыканкам накіраваў запыты ва ўстановы адукацыі і экспертныя ўпраўленні, каб атрымаць неабходныя заключэнні.
Што цікава, у Рэчыцах падобны выпадак ужо быў. У лютым мясцовую жыхарку Яўгенію Чацвяртную за аналагічны допіс прыцягнулі да адказнасці. Тады райвыканкам вынес пастанову аб адміністрацыйным спагнанні.





