Гравюра Альбрэхта Дзюрэра

Гравюра Альбрэхта Дзюрэра

Фантастычная па эмацыйнасці карціна беларускага разводу XVI стагоддзя знайшлася ў «Актах віленскай археаграфічнай камісіі», якія ёсць у вольным доступе ў інтэрнэце.

1540 год. Гарадзенец Багдан Хвядкевіч пражыў з жонкай Аўдоццяй 22 гады. Пачуцці згаслі, узаемная стома назбіралася — дайшло да разводу. Матэрыялы справы захаваліся ў судовых паперах.

Па сённяшніх мерках Багдана і Аўдоццю можна было б назваць прадпрымальнікамі ці фермерамі (хоць цяжка сабе ўявіць сёння фермера-гараджаніна). Яны жылі з таго, што бралі ў арэнду зямлю, расцілі на ёй ураджай і скаціну, пасля прадавалі.

Уражвае, з якой падрабязнасцю мужчына памятае, калі, колькі і чаго вытраціў на былую жонку. «Спачатку, калі яе заручаў, тады на заручынах даў бочку мёду кіслага, таго ж часу скроіў ёй сукню сукна лёткага. А калі вяселле было, тады даў бочку мёду прэснага, два вепрукі кормныя і два вары піва, гусей 20, курэй 60, вол кормны, бочка пшаніцы, тры бочкі мукі сітнай».

Не забыўся ён згадаць і падарункі жончыным сваякам: «Цесцю даў залаты чарлёны, а цешчы другі залаты, шурынам чатыром па 12 грошай, сваяку Івашку бочку гароху».

Каштоўныя рэчы наваспечаны зяць не толькі дарыў, але і прадаваў: «Цесцю свайму прадаў шубу лісіную». Атрыманыя ж грошы аддаў жонцы — «схаваць». Увогуле, за сямейны бюджэт адказвала жонка: «Другі раз даў ёй схаваць 70 грошай, а трэцім разам даў 1,5 капы, а чацвёртым разам капу». Капа — гэта шэсцьдзясят грошай, дарэчы.

«І тыя ўсе грошы яна ў сябе трымае!»

Як сведчаць судовыя дакументы, з часам Багдан горка пашкадаваў пра тое, што даверыў фінансы жонцы.

Багдан часта не бываў дома — то працаваў у пана Касцюшкі, то ў Вільню ездзіў па працы, то ў Кракаў, то на азёры. У лепшыя часы прывозіў жонцы гасцінчыкі: зялёную сукню і «шубку кролікавую» выбраў у Вільні, «каўнер пярловы» (каўнерык, упрыгожаны перлінамі) купіў на «залежы» ў нейкага масквіціна.

Але няўдзячная Аўдоцця, сцвярджаў муж, карысталася ягонай адсутнасцю дзеля асабістага ўзбагачэння. То пару валоў прадасць, то карову-«ялавіцу». Прападалі з хлявоў казлы, бараны, вепрукі кормныя… Таксама жанчына малаціла і прадавала жыта, бочкамі збывала авёс, гарох, грэчку. «І тыя ўсе грошы яна ў сябе трымае!» — абураецца муж. Ён мае (і дае суду!) дакладныя падлікі, якія цэны былі ў кожны год на жыта, гарох і іншыя сельгаскультуры. Называе, колькі бочак чаго Аўдоцця за гэты час прадала і, адпаведна, колькі грошай мелася назапасіць.

Да чаго Багдан вёў? Ён хацеў не толькі выгаварыцца, але і вярнуць свае рэчы, якія засталіся ў жонкі пасля разводу («з тых часоў, як мяне з ёю мітрапаліт распусціў»).

Сярод тых рэчаў — міскі, патэльні, катлы, ліхтары медныя са свечкамі… Цікава, што ў самым пачатку спісу цэлая праваслаўная бібліятэка — шэсць духоўных кніг. У паездках (ці паміж імі?) Багдан паспяваў чытаць. Далей у пераліку ідуць рэліквіі — кавалачкі святых мошчаў; зброя, худоба, «сарочак 4, што ў Вільні купіў», каптан, пчолы і вуллі, рабочы інвентар.

Вырак

Суд загадаў жонцы вярнуць усё — прычым не толькі інвентар, але нават і ўраджай, які яна гэтымі сярпамі ды косамі сабрала; не толькі ўсю скаціну, у тым ліку сем свіней, але «і маладых парасят усіх».

Аўдоцця пагадзілася, праўда, казала, што не ўсё з пералічанага знайшлося дома. Страчанае ацанілі і прысудзілі вярнуць у грашовым эквіваленце. Жонка гатова была прысягнуць, што сапраўды згубіла рэчы, а не распрадала па-ціхаму. І «Багдан будучы справядлівы і міласэрны, да прысягі Аўдоццю не вёў» і ад кампенсацыі адмовіўся. Аднак заўважыў: калі раптам пабачыць у Аўдоцці ці ў каго іншага свае рэчы — адразу забярэ без лішніх словаў.

Багдан падрабязна гаворыць пра іх сямейныя парадкі. Як многа ён працаваў: адну «пашаньку» аддасць у заклад, з другой збярэ ўраджай, прадасць яго і выкупіць першы кавалак зямлі. «А яна каля пашні ўсё лета не бывала!» — скардзіцца на жонку.

«Жона мая смачна ела і піла, і ў красне хадзіла, і со ўсімі ўжывала, з кім хацела, а я каля пашні надзаваў і рабіў, яка бы халоп!» «Адну скіцеру (сала — ПК.) мне да пашні дасць, і я тым кармлюся пяць тыдняў, а яна на кожны дзень па пяці або па дзесяці грошай марнавала, і тым пашню маю і дом, і самога мяне згубіла і ў моцны вялікі упад правяла!»

Надрыўны голас далятае да нас праз вякі. Голас пакрыўджанага мужчыны. Цяжка застацца ўбаку, але паспрабуем — бо ўсё ж не пачулі другі бок спрэчкі — у зялёнай сукенцы і лісіным футры з перлавым каўнерыкам. А ёй напэўна было што адказаць.

Яны жылі разам ажно 22 гады. І што, за ўвесь гэты час — чатыры падарункі з улікам вясельнага?! Багдан вінаваціць жонку, што не выходзіла ў поле. Але хто збіраў-малаціў-прадаваў усе гэтыя 22 гады? Хто вадзіў жывёлу на рынак прадаваць? Ёсць пытанні…

Выснова можа быць хіба такая: дарыце больш падарункаў і кідайце адзінокія падарожжы, раз ужо ажаніліся. Сямейная навука ад беларусаў XVI стагоддзя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?