Прыкметы ўрагану пачалі адчувацца ў Маямі
Штармавы вецер і залева абрынуліся на поўдзень штата Фларыда, у той час як да паўвострава набліжаецца разбуральны ўраган «Ірма».
На ўзбярэжжы расце ўзровень вады, чакаецца, што ўраган прывядзе да затаплення раёнаў, якія знаходзяцца ў нізіне.
Мясцовыя ўлады загадалі эвакуявацца 6,3 млн жыхарам — гэта больш за чвэрць ўсяго насельніцтва Фларыды.
У суботу ўвечары губернатар штата Рык Скот папярэдзіў, што час для эвакуацыі ўжо прайшоў — жыхарам Фларыды загадана пакінуць свае дамы і адправіцца ў схованкі, а таксама пазбягаць падарожжаў па дарогах.
Паводле яго слоў, цяпер ужо занадта позна пакідаць зоны рызыкі.
Магутнасць «Ірмы» у суботу была зніжана з пятай катэгорыі да трэцяй, аднак сіноптыкі асцерагаюцца, што калі ўраган дасягне Фларыды, яго магутнасць зноў вырасце да максімальнай катэгорыі. Пакуль хуткасць ветру складае каля 193 км у гадзіну.
«Берагавая ахова ЗША, FEMA і ўсе адважныя супрацоўнікі федэральных ведамстваў і на ўзроўні штатаў гатовыя. «Ірма» на падыходзе. Блаславі нас, Божа», - напісаў Дональд Трамп у сваім твітары.